Мяне як грамадзяніна самай міралюбівай краіны ў свеце Рэспублікі Беларусь вельмі ўзрадавала навіна, што 2023 год кіраўніком нашай дзяржавы аб’яўлены Годам міру і стварэння. І сапраўды: як не стамляліся ніколі паўтараць нашы суайчыннікі: “Толькі б не было вайны.Усё астатняе будзе!”
Беларускі народ сваёй натхнёнай і самаадданай працай штодзённа пацвярджае міралюбівую палітыку Айчыны, адсутнасць варожасці да іншых дзяржаў. Аднак мы выразна бачым і ўсведамляем, што ў свеце надзвычай абвастрыліся супярэчнасці і канфлікты ў барацьбе за перадзел сфер уплыву. Назіраецца шалёна-ўпартае імкненне адстойваць свае геапалітычыя інтарэсы, прычым рознымі спосабамі, незаконнымі, двайнымі, а то і трайнымі стандартамі. Пры гэтым актыўнае выкарыстанне механізмаў “каляровых рэвалюцый” для звяржэння законных улад прывяло і будзе прыводзіць у далейшым да павелічэння колькасці ўзбороенных канфліктаў. Нельга не адзначыць, што сёння дасягненне палітычных мэт адбываецца і шляхам падрыву дзяржаў знутры.
Беларусы добра помняць, што ў стан хаосу і кровапраліцця былі ўведзены і Ірак, і Лівія, і Емен, і Сірыя. Штодзённа гінуць нашы браты ўкраінцы. Прычым, на Украіне ваюе шмат наёмнікаў, якім наогул няма розніцы, у каго страляць, каго забіваць – яны на смерцях зарабляюць грошы. Цэлы шэраг новых “гарачых кропак” можа ўспыхнуць у любы момант. На жаль, вар’яцкі і жудасны тэрарызм бязлітасна захліснуў увесь свет, ад еўрапейскага кантынента да Злучаных Штатаў, а паток бежанцаў, якія бягуць ад войнаў, запаланіў літаральна ўсе краіны.
Сёння захоўваецца пагроза глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, пры гэтым далейшая эскалацыя абстаноўкі, бясспрэчна, мае непапраўныя наступствы як для Еўропы, так і для ўсяго чалавецтва. На змену традыцыйным формам вайны прыйшлі іншыя, у тым ліку гібрыдныя. У XXI стагоддзі значна павысілася роля інфармацыйных рычагоў уплыву на фарміраванне грамадскай думкі ў той ці іншай дзяржаве. І таму сёння забеспячэнне стабільнасці і бяспекі – стрыжнявая ўмова ўстойлівага развіцця дзяржавы.
Для нас вельмі важна актыўна развіваць міжнародныя стасункі, каб паказаць, што Беларусь – міралюбівая краіна, што нашы культурныя і духоўныя каштоўнасці вельмі глыбокія і нам ёсць чым ганарыцца.
У беларусаў – самая багатая ваенная літаратура, дакументальная, мемуарная і мастацкая. Мы стварылі стужкі, дзе паказаны ўсе жудасці ваенных падзей, а таксама памкненні беларусаў да мірнага суіснавання са сваімі суседзямі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей, з якімі мы стагоддзямі пражываем на адной зямлі.
Наша жаданне адно, простае і зразумелае: будаваць спакойнае і шчаслівае жыццё ў сваім доме, у супрацоўніцтве і садружнасці з суседзямі, з усімі зямлянамі. Мы ніколі не стваралі праблем нашым суседзям, мы ішлі з адкрытым сэрцам, з кавалкам хлеба, а не з каменем у руках.
Так хацелася, каб гэта заўсёды было прыярытэтным ва ўсіх.