Колькі сябе памятаю, у нашай сям’і заўсёды галоўным блюдам была бульба. Раніцай звычайна вараная, у абед – тушаная. Вечарам клецкі ці дранікі. Елі ўсё з апетытам. І ніхто не наракаў на аднастайнае меню. Маме не было калі выдумляць нам нейкія прысмакі, ды і не было з чаго. Галоўнае, каб не былі галоднымі. І мы не перабіралі, не казалі: «Не хачу альбо нясмачна».
Памятаю, як да суседскай бабулі летам прыехалі ўнукі з Мінска. Бацька прывёз іх на новенькім «Масквічы», доўга выгружаў з багажніка рэчы і ежу. А як жа! Гарадскія дзеці не павінны былі штосьці мяняць у сваім раскладзе. Дык вось, бабуля скардзілася нашай маці, што ўнучкі не хочуць есці курынае мяса, што ўпотайкі выкідваюць яго сабаку. Мы ж, пачуўшы гэтыя скаргі, думалі: «Ну і дурныя гэтыя дзеці. Ад такой смакаты адмаўляюцца!» А калі тыя, згледзеўшы на вуліцы ў нашых руках кавалак чорнага хлеба, пасыпанага цукрам і палітага вадой, прасілі хоць адзін разок даць ім укусіць, прыйшлі да высновы: сапраўды, відаць, тая кураціна нясмачная.
Бульбы мы садзілі нямнога – сотак 20. Больш не давалі дзеля гэтых мэт зямлі. Але для мяне, як старэйшай, хапала і гэтага. Цэлае лецейка трэба было рачкаваць, каб восенню мець добры ўраджай. Мама прыходзіла на дапамогу толькі ў свае выхадныя. Мяне будзілі на досвітку – у чатыры гадзіны, давалі невялікі перакус і адвозілі на поле. Добра, што не трэба было ісці пешшу: у бацькі ў руках была машына. Па начах мне сніліся лебяда і макрыца, якой было нямерана. А яшчэ на маіх плячах быў агарод пры хаце. Там, праўда, было не ў цяжар падтрымліваць парадак. Я больш не любіла восень, калі трэба было выбіраць бульбу. Асабліва за канём. Той, хто жыве ў вёсцы, ведае, што трэба перавярнуць кожны пласт зямелькі, каб знайсці каліва. Увечары ныла спіна, а назаўтра зноў трэба было станавіцца ў загонку.
Напачатку выбіраліся свае соткі, потым бацькавых знаёмых. Гэта, па сутнасці, былі заробкі, бо людзі давалі за работу мяшок-другі бульбы, якія ніколі не былі лішнімі. А пасля былі дакопкі, калі з маці, узброіўшыся рыдлёўкамі, мы ехалі на поле і ўручную перакопвалі соткі. Не толькі свае, але і людскія, каму не хацелася гэта рабіць. Была яшчэ і школьная бульба, на якую мы ездзілі цэлы месяц. Словам, восень давалася ў знакі. Таму я яе ніколі не любіла. Дарэчы. І цяпер таксама. Праўда, яна зараз у мяне не ўвасабляецца з работай. Проста ў душы пасяляецца страшны сум, немаведама адкуль з’явіўшыся. Магчыма, я часцей стала задумвацца аб тым, што і ў жыцці прыходзіць восень…
А калі пра бульбу гаварыць, то яна для беларуса заўсёды была прадуктам, які ратаваў ад голаду. Мая мама часта ўспамінала, як ў ваенныя і першыя пасляваенныя гады яна збірала па полі мерзлую і варыла. Марожаную бульбу чамусьці называлі цупікамі. Яны былі салодкімі і надта праціўнымі, па словах мамы. Ад такой ежы апухала цела. Але калі ўдавалася да бульбы дадаць жменьку мукі, замясіць цеста і спячы аладкі, ды яшчэ на здоры, смачней на свеце не было нічога. Мае бацькі ніколі не маглі дапусціць, каб у засеках было пуста, каб да вясны канчалася бульба ці сала. Таму да запасаў адносіліся ашчадна. Калі бачылі, што бульбы малавата, налягалі на крупы. Я да сённяшняга дня люблю пярловыя і з асалодай успамінаю, калі мама з печы даставала саганок з імі. Яны былі распараныя, засмажаныя цыбуляй і скварачкамі, проста таялі ў роце! А маміны бліны – цёртая бульба з мукой. Я такія не ела больш ні ў кога…
Чаго я не любіла, дык гэта клёцак. І не таму, што трэба было наабіраць і надзерці на тарцы паўвядра бульбы. Проста ў чатырохгадовым узросце я атруцілася кісялём, якога з’ела ў цёткі на хрэсьбінах надта многа. Гэта акалічнасць, прабачце, не турбавала бацькоў. Не хочаш – не еш, кладзіся спаць галоднай, ці еш хлеб….
Не ела я і зацірку. І цяпер не ем. І калі ў школе вучылі апавяданне Змітрака Бядулі «Пяць лыжак заціркі», у мяне засталіся ў памяці не вельмі прыемныя асацыяцыі. Выбачайце, але нават моцна галодная я бы не ела тую зацірку. Можа, хто палічыць гэта за разбэшчанасць, але сапраўды мяне пачынае калаціць ад адной думкі пра гэту страву, як і пра кісель…
Бульба ж ратавала мяне ў ліхія 90-я ад голаду. Было такое, калі ў нашай рэдакцыі не плацілі зарплату па тры месяцы. І каб не дапамога з вёскі, то працягнуць гэты тэрмін было б складана (на той час у мяне агарод быў ужо невялікі – сем сотак, таму старалася садзіць другую гародніну). А сёння ўсе захапіліся сваімі фігурамі, перасталі есці бульбу, нашы нацыянальныя стравы. Усё больш салату грэчаскую або французскую, забываючыся пра тое, што наш арганізм прыстасаваны да сваёй простай ежы. Праўда, калі нос улаўлівае пах смажанай бульбы, пачынае варушыцца…