Неяк напярэдадні Дня друку мне патэлефанавала вясковая жанчына. Размаўлялі мы доўга, і, прызнаюся, больш падрабязнага і глыбокага інтэрв’ю мне даваць не даводзілася.
Нават калегі, якія летась да Дня друку ўчынілі мне публічны «допыт», «капалі» не так глыбока. І хоць былі мы з той жанчынай знаёмыя толькі завочна, адказаць няшчыра, павярхоўна, жартаўліва на яе шматлікія пытанні было немагчыма. Найперш таму, што так падрабязна жанчына распытвала мяне – гэта адчувалася – не дзеля таго, каб «ушчыкнуць» за нейкі промах ці, што яшчэ горш, даведацца нешта «эксклюзіўнае» і потым расказаць іншым, а каб для сябе самой вызначыць нешта важнае і значнае. Было адчуванне, што не нехта задае табе гэтыя пытанні, а ты сам, тваё сумленне.
Ці здараліся ў маёй журналісцкай практыцы матэрыялы, за якія мне потым было сорамна? Ці прасіла я прабачэння ў людз-ей, якіх пакрыўдзіла – хай сабе і незнарок – несправядлівым словам? Ці сачу я за далейшым лёсам герояў сваіх нарысаў? Ці даводзілася мне пісаць артыкулы «па заказу»? Гэтыя і іншыя падобныя пытанні пранікалі ў самыя патаемныя куточкі душы, абуджаючы далёкія і нядаўнія ўспаміны і згадкі, часам не самыя прыемныя, прымушаючы зноў перажываць свае журналісцкія памылкі – не прапушчаную літару ці недакладную лічбу, а куды больш істотныя… Паклаўшы руку на сэрца, не магу сказаць, што іх было вельмі шмат, але тым не менш яны былі.
Памятаеце, у знакамітым і ўсімі любімым савецкім навагоднім фільме «Іронія лёсу, ці З лёгкай парай» галоўная гераіня, настаўніца, гаворыць урачу Яўгенію Лукашыну: «Памылкі настаўнікаў, магчыма, не так бачны, як памылкі ўрачоў, але каштуюць яны не менш дорага». Памылкі журналістаў бачны, напэўна, больш, чым любыя іншыя, – яны адразу ж капіруюцца шматтысячным тыражом і даносяцца амаль што да кожнага жыхара раёна: хоць нехта, ды заўважыць. І як у кожнага ўрача ёсць свае могілкі, так і ў кожнага журналіста ёсць артыкулы, якія не хочацца ўспамінаць і за якія, калі б можна было адматаць стужку часу назад, ты ніколі б не ўзяўся ці напісаў бы зусім па-іншаму На жаль, нам цяжка прадбачыць, чым наша слова адгукнецца.
З той незнаёмай жанчынай мы гутарылі больш за паўгадзіны і развіталіся сябрамі. Не паверыце, гэта быў такі дарагі, такі важны для мяне падарунак да Дня друку.