Перад Днём Перамогі многія аўтамабілісты імкнуцца ўпрыгожыць свае аўто чырвона-зялёнымі стужкамі альбо надпісамі «Дзякуй дзеду за Перамогу», «На Берлін!», «Можам паўтарыць!». І калі супраць першага з гэтых заклікаў я нічога не маю, то два апошніх наводзяць на пэўны роздум.
Наглядзеўшыся ваенных філь-маў, дзе зусім нястрашна рвуцца бомбы і снарады, а галоўны герой насуперак усяму застаецца жывым; дзе маладая медсястрычка з прыгожай стрыжкай ці моднай укладкай, у кароценькай спаднічцы і ў па-заліхвацку насунутай на падмаляваныя броўкі пілотцы абдымае свайго каханага; дзе калі нехта і загіне, то так гераічна і рамантычна, і вядома ж, не галоўны герой, сучасныя маладыя людзі, мне здаецца, міжволі пачынаюць лічыць, што чатыры гады вайны былі гэткай захапляльнай, поўнай прыгод вандроўкай ад Брэста да Масквы, а затым назад да Берліна. Што вайна – шматузроўневая кампутарная гульня, дзе, калі раптам заб’юць, можна купіць новае жыццё. Ці пачаць усё спачатку. І так заманліва прайсці па слядах дзеда, выбрацца ў падарожжа па Еўропе – тым больш, што вынік яго даўно вядомы: перамога! А наслухаўшыся святочных прамоў каля помнікаў пра вечную памяць і гераізм савецкага народа, пасля якіх абавязкова – святочны канцэрт, шашлыкі і салют, яны, напэўна, лічаць, што перамога – яна менавіта такая: з феерверкамі, чаркай і крыкамі «Ура!»
…Іх ужо практычна не засталося – ветэранаў, якія могуць расказаць, якой на самой справе была вайна. Але ёсць іх дзеці, якія, магчыма, некалі знайшлі час і жаданне выслухаць тыя расповеды. І жывыя яшчэ дзеці вайны, у якіх на ўсё жыццё захаваўся страх ад гулу самалётаў у небе і якія зусім не талерантна на падсвядомым узроўні не любяць немцаў, хоць цудоўна разумеюць, што дзеці за бацькоў, а тым больш унукі за дзедаў не адказваюць.
Спытайцеся ў іх, ці згодны яны паўтарыць і ці рвуцца на Берлін? І чаму яны так упарта жадаюць сваім дзецям і ўнукам не вялікага ўзаемнага кахання, не грошай у кожную кішэню, нават не здароўя і шчасця, а найперш міру? Маладых гэта нават раздражняе, маўляў, што яны паўтараюць, як мантру: толькі б не было вайны! Нібы няма ў свеце іншых каштоўнасцей…
…Нам, сённяшнім, выходзячы ранкам з цёплага душа, абматаўшыся мяккім махровым ручніком, цяжка ўявіць, як гэта не мыцца тыднямі і месяцамі. Дзецям, якім тое не падабаецца і гэтае не па густу, не зразумець смак акрайчыка чэрствага хлеба і энергетыку шматка сала. Калі сэрца заходзіцца ад болю ад незнарок парэзанага пальца ці невялікага апёку, цяжка ўявіць пакуты тых, хто жывым гарэў у танку ці ў хляве. Тым, каму давялося пры падтрымцы родных і блізкіх, ва ўсеагульнай жалобе праводзіць у апошні шлях родных ці сяброў, цяжка усвядоміць, што цела дарагога чалавека можна пакінуць у варонцы, нават не паспеўшы ўпэўніцца, жывы ён ці не, і ісці наперад, не ведаючы, на якім кроку сёння ці заўтра ўпадзеш ты сам, з патаемнай надзеяй, што, можа, Бог усё ж пашкадуе.
Ці гатовы вы, маладыя, усё гэта адчуць, перажыць, вытрываць? Ці хочаце, каб такое зведалі дарагія вам людзі? Бо, калі задумацца над сэнсам надпісаў на машынах, а не ўспрымаць іх як дасціпны жарт, менавіта боль, пакуты і смерць схаваны за нібыта патрыятычнымі заклікамі «Можам паўтарыць!» і «На Берлін!»
Дакладна магу сказаць: ветэраны, дзяды і прадзеды, дзеля памяці і ўшанавання подзвігу якіх «крутыя» ўнукі так ярка і крэатыўна ўпрыгожылі свае нямецкія, французскія ці кітайскія іншамаркі, вам бы гэтага не пажадалі.
Таму падзякуйце дзеду за Перамогу, і не варта паўтараць. А ў Берлін, калі так хочацца, лепш з’ездзіць на экскурсію. Бо вайны добрай не бывае. Бо і пера-можцы, і пераможаныя – усе яе ахвяры.