Сення газеце споўнілася 87. Амаль 30 гадоў свайго жыцця я аддала ёй. І не шкадую, што некалі так крута змяніла свой лёс, пакінуўшы родную Лагойшчыну, свой “Родны край” (так называлася газета, дзе я рабіла свае крокі ў прафесійнае жыццё). Чаму? Таму што я вырасла тут як журналіст, і як, урэшце, кіраўнік калектыву. Расла і збірала вакол сябе таленавітых людзей. І я рада, што многія з іх застаюцца са мной побач на працягу даволі доўгага часу.Асобыя словы хачу сказаць пра Станіслава Маеўскага, які аддаў газеце 35 гадоў (прыйшоў сюды пасля заканчэння журфака БДУ), Алену Сідараву (Булах), нашу нязменную вярстальшчыцу на працягу чвэрці стагоддзя і старшыню прафсаюзнага камітэта, Наталлю Федзіну (Раманюк), якая з карэктара вырасла да журналіста, таксама працуе 25 гадоў, Віалету Пігуль, рэдактара рэкламнага аддзела, Марыну Талай (Фунт), загадчыка аддзела сацыяльных праблем, Інгу Ласмане, журналіста, выпускніцу Гродненскага ўніверсітэта, асабісты стаж якіх падцягваецца да 15 гадоў.

Фото из архива редакции
Застаюцца вернымі “Перспектыве” наш бухгалтар Вольга Пішчукевіч (20 гадоў працуе), Юрый Дубовік, аператар нашага тэлебачання, Аксана Сівадзедава, адказны сакратар. Не нарадуецца мая душа, што прыйшлі ў наша выданне Ганначка Салавей, журналіст, Кацярына Чароўская, пяро якой добра ведаюць чытачы “Беларусь сення”, газеты Адміністрацыі Прэзідэнта, Ала Унучко, журналістка, Любоў Баршчова, рэдактар мастацкі, Тэрэза Рахманько, рэдактар рэкламны.
Цешыць сэрца і моладзь, хаця з ёй бывае даволі няпроста. Але дрэнны той кіраўнік, які не думае пра змену пакаленняў. Ганна Анішчык, Ганна Вашкевіч, Косця Марціновіч, Насця Чарнецкая, Мацвей Пісарэнка, Ксенія Міхеева – тыя, хто яшчэ робіць свае першыя крокі ў самойстойнае жыццё, паралельна вучацца альбо толькі-толькі закончылі вну. Я нездарма не назвала ў гэтай кагорце прозвішча нашага камп’ютэрнага геннія, нашага Івана Яхнаўца. Ён толькі сёлета закончыў вышэйшую навучальную ўстанову. Але ўжо мае вопыт работы. Пасля тэхнікума працаваў у адным з лепшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – СВК імя Дзяньшчыкова. Малады, энергічны і вельмі адказны малады чалавек, у якога вялікая будучыня, з кожным днём праяўляе ўсё большыя здольнасці.
Недасведчаны чалавек скажа: знашлі чым здзіўляць – пастаянствам людзей і даволі ўнушальнай моладзевай праслойкай у калектыве. Можа і так на першы погляд можа здацца. Але, паверце, для творчага калектыву хвацкія журналісты – вялікі здабытак. Сёння такога напружанага рытму ў газеце вытрымліваюць адзінкі. Дарэчы, некалі прафесія журналіста была выключна мужчынскай. Сёння – жаночая. А жанчына, вядома, у сям’і не апошні чалавек. Ёй і згатаваць ежу трэба, і ў хаце прыбраць, і дзетак дагледзець. А яшчэ быць, як кажуць, на грэбні хвалі: у рабоце не адставаць, быць у курсе ўсіх падзей.
Таму з вялікім задавальненнем віншую ўсіх сваіх калег са святам. Жадаю ім моцнага здароўя, настрою, творчых пошукаў і знаходак.









