Год гістарычнай памяці можна адзначаць па-рознаму. Я раю: падарожнічаць сёлета па Бацькаўшчыне, наведваць музеі Вялікай Айчыннай вайны. Музеі – гэта не проста ўстановы культуры, гэта храмы ўсенароднай Памяці. Для нас і пра нас, для сучаснікаў і нашых нашчадкаў…
Прыязджаючы ў любы горад, я перш за ўсё імкнуся пабываць у мясцовым музеі. Чаму? У іх засяроджана і манументальна захавалася сама гісторыя старонкі, краю, рэгіёна. Гэта ўнікальныя энцыклапедыі рэгіёна: у іх нібы спынілася і адначасова жыве само дыханне часу. Асаблівы гонар, патрыятызм адчуваеш у ваенным музеі. І як добра, што залы, пакоі, экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай, ёсць літаральна ва ўсіх гісторыка-патрыятычных музеях Беларусі. Больш таго, ваенныя экспазіцыі адкрыты ў многіх школах, не можа не радаваць, што там эксурсіі праводзяць юныя экскурсаводы. У такіх музеях жыве гістарычная праўда ў адрозненне ад той фэйкавай і ілжывай, якая прапагандуецца ў ЗША і Еўропе, дзе перапісваецца гісторыя Другой сусветнай, руйнуюцца помнікі героям.
У музеях Беларусі мы бачым бясцэнныя рарытэты, знаёмімся з хронікамі гарадоў, пасёлкаў і вёсачак. Тут захоўваюцца ўспаміны салдат, партызанаў і падпольшчыкаў, вязняў лагераў... Перад наведвальнікамі паўстаюць як драмы асобных жыццяў, так і трагедыя ўсяго беларускага народа. Тут мы знаёмімся з тымі маленькімі перамогамі, з якіх і складалася Вялікая Перамога. І як добра, што кожны рэгіён Бацькаўшчыны захоўвае гэтую святую памяць. Як самыя дарагія госці тут сёння і апошнія ветэраны Вялікай Айчыннай, якіх, на жаль, з кожным годам усё менш і менш…
У страшныя ваенныя гады Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара – загінулі каля 3 мільёнаў чалавек, у тым ліку амаль 50 тысяч партызан і падпольшчыкаў. На тэрыторыі краіны дзейнічалі 250 лагераў смерці, сярод якіх сумна вядомы Трасцянец – адзін з буйнейшых пасля Асвенціма, Майданака… І бывае часам горка ад таго, што моладзь абыходзіць бокам гэтыя святыя мясціны, нават не ведае пра існаванне такіх музеяў.
У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны я пабываў ужо чатыры разы. Яшчэ ў лістападзе 1942 г. у ваеннай Маскве разгарнулася экспазіцыя пад назвай «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай». Яна працавала да жніўня 1944 г., пакуль не пераехала ў вызвалены Мінск. У разрабаванай сталіцы музей атрымаў адзін з нямногіх уцалелых будынкаў у самым цэнтры горада, і ўжо 22 кастрычніка 1944 года быў адкрыты. Сёння гэта адзін з найбуйнейшых ваенных музеяў планеты Зямля, адзін з самых важных нацыянальных цэнтраў патрыятычнага выхавання. Музей размешчаны каля абеліска «Мінск – горад-герой». Сама 45-метровая стэла была адкрыта яшчэ ў 1985 г. Плошчу Герояў упрыгожвае фантан са 170 струменнямі, якія прысвечаны вызваленым населеным пунктам Бацькаўшчыны. Новы будынак музея быў пабудаваны за тры гады і адкрыты 2 ліпеня 2014 года.
Адметна, што будынак складаецца з чатырох асноўных блокаў, якія сімвалізуюць чатыры гады вайны, чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь. Галоўны фасад выкананы ў выглядзе пераможнага салюту: за аснову быў узяты запіс салюту 1945 г. 11 ззяючых праменняў з нержавеючай сталі сімвалізуюць Вялікую Перамогу і адначасова нагадваюць аб 1 100 трагічных днях і начах акупацыі Мінска…