Сімвалічна, што жыць у нашай дзяржаве па-новаму мы пачынаем з 15 сакавіка – Дня Канстытуцыі. Абноўленая Канстытуцыя датычыцца абсалютна кожнага з нас. Дарэчы, за яе прагаласавала 82,86 працэнта тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі. 
 
І я не разумею тых людзей, якія абыякава, а то і негатыўна ставяцца як да самой Канстытуцыі, свята – Дня Канстытуцыі, так і да сваёй Айчыны.  А гэта ж наша дзяржаўнасць, нам у Беларусі жыць, вучыцца і працаваць. Як заморскія «дабрадзеі» нам дапамагаюць, мы бачым штодня. Многім дапамаглі разабрацца незайздросны лёс Украіны, Казахстана, падзеі ў іншых гарачых кропках свету.  
 
Канстытуцыя ў новай рэдакцыі ўступае ў сілу 15 сакавіка.  Прычым частка  палажэнняў пачне дзейнічаць адразу, але для асноўных патрабуецца прыняцце і змена шэрагу законаў. Так, у  рамках рэалізацыі палажэнняў новай Канстытуцыі будзе падрыхтавана больш за 60 законапраектаў. Многае ўжо здзейснена: гэта і законапраекты аб Усебеларускім народным сходзе, і аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, і  законапраекты, што тычацца статусу дэпутатаў парламента і мясцовых Саветаў, мясцовага самакіравання. У законе аб Усебеларускім народным сходзе вызначана, як ён будзе фарміравацца, парадак унясення і разгляду сходам пытанняў.  Праекты, канешне ж,   вынесуць таксама  на абмеркаванне.
 
Мяне радуе, што пашыраны паўнамоцтвы ўлады і парламента, што Усебеларускі народны сход ужо традыцыйна стаў органам народаўладдзя. Мы ўсе разам і далей будзем  праводзіць дыялогавыя пляцоўкі, змяняць шэраг заканадаўчых актаў у адпаведнасці з прапановамі жыхароў краіны. Рыхтуюцца змены ў закон аб мясцовым самакіраванні, асабліва ў частцы рэалізацыі падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў. Галоўнае, каб  добрыя ініцыятывы хутчэй увасабляліся ў жыццё. Канстытуцыя будзе садзейнічаць захаванню стабільнасці ў нашай краіне, яе развіццю і руху наперад. 
 
Бясспрэчна, што беларусы самі выбралі свой шлях, свой лёс – гэта шлях  бяспекі, міру і суверэнітэту. Нельга забываць, што фундаментальным прынцыпам Канстытуцыі з’яўляецца адзінства беларускага народа і захаванне генафонду. Галоўная наша мэта – зберагчы  сінявокую Бацькаўшчыну, любімую Беларусь. Толькі неразумны, нізкапробны чалавек будзе галасаваць супраць развіцця сваёй краіны, супраць сваёй жа будучыні, уласных прапаноў, супраць будучыні сваіх дзяцей і ўнукаў. Супраць таго, каб мы жылі лепш, абаранялі свае нацыяльныя каштоўнасці, гістарычную памяць, супраць падтрымкі шматдзетных сем’яў, людзей з інваліднасцю.
 
Нашы людзі пачалі больш уважліва  слухаць і чуць адзін аднаго, пачаўся адкрыты выразны дыялог паміж грамадствам і дзяржавай. Лічу, што разам і толькі РАЗАМ мы змаглі даць цывілізаваны адказ усім тым, хто імкнуўся дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі. Усім непрыяцелям і ворагам магу сказаць, што Канстытуцыя – самы яскравы дыямент айчыннай, нацыянальнай ідэі!
 
А цынікам, ныцікам, песімістам і  квасным патрыётам магу параіць: прачытайце, калі ласка, поўны тэкст новай Канстытуцыі – глядзіш, і набярэцеся  хоць трошкі нацыянальнай самасвядомасці і пазбавіцеся палітычнай блізарукасці!