Перад Днём Перамогі і Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў многія аўтамабілісты расквечваюць сваіх сталёвых коней патрыятычнымі георгіеўскімі і нацыянальнымі чырвона-зялёнымі стужкаамі і надпісамі «Дзякуй дзеду за Перамогу», «На Берлін!», «Можам паўтарыць!». І калі супраць першага з гэтых заклікаў я нічога не маю, то два апошнія наводзяць на пэўны роздум.
Наглядзеўшыся ваенных фільмаў, дзе зусім не страшна рвуцца бомбы і снарады, а галоўны герой насуперак усяму застаецца жывым; дзе маладая медсястрычка з прыгожай стрыжкай ці моднай укладкай у кароценькай спаднічцы і ў па-заліхвацку насунутай на падмаляваныя броўкі пілотцы абдымае свайго каханага; дзе калі нехта і загіне, то так гераічна і рамантычна – і вядома ж, не галоўны герой, сучасныя маладыя людзі, мне здаецца, міжволі пачынаюць лічыць, што чатыры гады вайны былі гэткай захапляльнай, поўнай прыгод вандроўкай ад Брэста да Масквы, а затым назад да Берліна: прыкладна як шматузроўневая камп’ютарная гульня. І так заманліва прайсці па слядах дзеда, выбрацца ў падарожжа па Еўропе – тым больш што вынік яго даўно вядомы: перамога! А наслухаўшыся святочных прамоў каля помнікаў, пасля якіх абавязкова – святочны канцэрт, шашлыкі і салют, яны, напэўна, лічаць, што перамога – яна менавіта такая: з феерверкамі, чаркай за перамогу і крыкамі «Ур-ра!».
…Іх ужо практычна не засталося – ветэранаў, якія могуць расказаць, якой на самой справе была вайна. Але ёсць іх дзеці, якія, магчыма, некалі знайшлі час і жаданне выслухаць тыя расповеды. Жывыя яшчэ дзеці вайны, у якіх на ўсё жыццё захаваўся страх ад гулу самалётаў у небе і якія зусім не талерантна на падсвядомым узроўні не любяць немцаў, хоць цудоўна разумеюць, што дзеці за бацькоў, а тым больш унукі за дзедаў не адказваюць.
Спытайцеся ў іх, ці згодны яны «паўтарыць» і ці рвуцца «На Берлін!»? І чаму яны так упарта жадаюць сваім дзецям і ўнукам не вялікага ўзаемнага кахання, не грошай у кожную кішэню, нават не здароўя і шчасця, а найперш міру? Маладых гэта нават раздражняе – маўляў, што яны паўтараюць, як мантру: толькі б не было вайны! Нібы няма ў свеце іншых каштоўнасцей…
…Нам, сённяшнім, выходзячы ранкам з цёплага душа, абматаўшыся мяккім махровым ручніком, цяжка ўявіць, як гэта – не мыцца тыднямі і месяцамі. Дзецям, якім і тое не падабаецца, і гэтае, не зразумець смак акрайчыка чэрствага хлеба і энергетыку шматка сала. Калі сэрца заходзіцца ад болю ад незнарок парэзанага пальца ці невялікага апёку, цяжка ўявіць пакуты тых, хто жывым гарэў у танку ці ў вясковым хляве. Тым, каму не так даўно давялося пры падтрымцы родных і блізкіх ва ўсеагульнай жалобе праводзіць у апошні шлях родных ці сяброў, цяжка ўсвядоміць, што цела дарагога чалавека можна пакінуць у варонцы, нават не паспеўшы ўпэўніцца, жывы ён ці не – і ісці наперад, не ведаючы, на якім кроку, сёння ці заўтра, упадзеш ты сам, употайкі спадзеючыся, што Бог усё ж пашкадуе…
Ці гатовы маладыя ўсё гэта адчуць, перажыць, вытрываць? Ці хоча хто-небудзь, каб праз гэта прайшлі родныя і блізкія людзі? А менавіта ж усё гэта, калі задумацца крыху глыбей, і хаваецца за словамі «Можам паўтарыць!» і «На Берлін!».
Дакладна магу сказаць: ветэраны, дзяды і прадзеды, дзеля памяці і ўшанавання подзвігу якіх «крутыя» ўнукі так ярка і крэатыўна ўпрыгожваюць свае нямецкія, французскія ці кітайскія іншамаркі, дакладна вам бы гэтага не пажадалі.
Больш таго, жыццё б аддалі – а колькі з іх і сапраўды аддалі! – каб вайну вы бачылі толькі на экранах тэлевізараў і перамагалі толькі ў камп’ютарных бітвах, дзе, калі нават заб’юць, можна купіць новае жыццё.
У жыцці, на жаль, так не бывае…