Неяк пацікавілася ў адной вельмі паважанай настаўніцы, выдатнага спецыяліста і добрай мудрай жанчыны, якая падрыхтавала – абсалютна бясплатна! – шмат выпускнікоў да паступлення ў вну, ці віншуюць яе былыя вучні з Днём настаўніка.
 
– Як калі, – адказала яна. – Здараецца, што і многа віншаванняў прыйдзе, а калі і ніводнага. Але я не крыўдую – час цяпер такі, маладым усё хочацца паспець, усё даведацца. Яны нядрэнныя – у іх проста часу не хапае.
 
Я не валодаю мудрасцю гэтай цудоўнай настаўніцы. І калі неяк дзеці забыліся мяне павіншаваць з Днём маці, пакрыўдзілася. А мо проста момант такі надышоў – захацелася паплакаць і пашкадаваць сябе, любімую?.. Я, канешне ж, паплакала, пашкадавала. А потым патэлефанавала дачцэ і выказала ёй сваю крыўду.
 
– Мама, ты пра што? – шчыра не зразумела яна маіх прэтэнзій і крыўды на пакінутасць. – Мы з табой па некалькі разоў на дзень размаўляем, ты ўсё-усё пра мяне ведаеш, ты для мяне – самы дарагі чалавек, няўжо ты не адчуваеш, як я цябе люблю? А віншаванне… Ну я проста забылася пра гэтае свята… Як ты не разумееш – я кручуся цэлы дзень як вавёрка ў коле, газет не чытаю, тэлевізар не гляджу, ніхто мне пра яго не нагадаў. Але няўжо табе без гэтага віншавання не хапае маёй увагі?
 
Я падумала, што дачка мае рацыю. І ўзгадала сваё. Бо, як вядома, гісторыя паўтараецца… Ці мо Гасподзь – я неаднойчы заўважала гэта на ўласным вопыце, – каб мы лепш адчувалі іншых, часам ставіць нас у такія ж умовы, у якіх мы некалі некага не разумелі, толькі з супрацьлеглага боку… Шморгаючы носам, я раптам узгадала – бы на экране мне гэта высвецілася, – як некалі прыехала да маці ў вёску (тады яшчэ быў той шчаслівы час, калі было да каго ехаць) і ў абсалютным шоку выслухала яе крыўду на тое, што пра яе ўсе забыліся, ніхто ні пісьма не прышле, ні паштоўкі… Я аслупянела: як?! Я бываю кожны тыдзень, а то і часцей, брат і сястра не могуць прыязджаць так часта – жывуць далей, але ж у час адпачынку, на святы заўсёды праведваюць. А пісьмы, паштоўкі – ну хто іх цяпер піша? Тэлефануюць жа ўсе рэгулярна. Калі не ёй – у бацькоў не было тады тэлефона, – дык мне, а я потым усё ёй раскажу… 
Маміну крыўду я тады ўспрыняла не інакш, як старэчыя капрызы… І тады, як яна ўжо жыла ў мяне апошнія гады, прыкладна гэтак жа ўспрымала яе імкненне пабольш даведацца пра маё жыццё, затрымаць мяне як мага даўжэй каля свайго ложка, каб я расказала ёй пра ўсё-усё: хто званіў, што новага ў мяне на рабоце, куды паехалі і калі прыедуць дамоў мае дзеці… Мяне гэта крыху раздражняла: мне заўсёды не хапала часу, я пастаянна спяшалася, мне здавалася, што маці зусім неабавязкова ведаць тое, пра што яна дапытваецца, дзеля яе ж спакою, каб потым лішне не хвалявалася. Ды і што яна зразумее, калі я нават раскажу, што ў мяне на рабоце сапсаваўся кампутар і з-за гэтага затрымалася газета і, адпаведна, я на рабоце? Я лічыла, што свой даччын абавязак выконваю: забяспечваю маці ўсім неабходным – яна накормлена, мае патрэбны догляд, лекі, чыстую пасцель і ўсё неабходнае. А ўвагу? Ну я ж не сонца, усіх не абагрэю – дзяцей, бацькоў, супрацоўнікаў, чытачоў… Словам, калі захочаш апраўдаць сябе, аргументы заўсёды знаходзяцца – вы не заўважалі?
 
І вось мамы няма... Мне гэтак жа ні на што не хапае часу. Але я не раз лавіла сябе на думцы, што калі б маці была, я абавязкова знайшла яго, каб пасядзець з ёю побач, распытаць пра тое, пра што так толкам і не распытала: пра яе жыццё, пра маіх продкаў, аднавяскоўцаў, нашу радзіму – і запісаць яе расповеды, што раней таксама не паспявала зрабіць, усё адкладвала на потым, якое ўсё не надыходзіла. Пісала б ёй тыя лісты і паштоўкі, якіх яна так чакала, каб ёй было што перабіраць, перачытваць, хваліцца перад знаёмымі. Віншавала б з усімі святамі. Ці проста сядзела б каля яе, трымала за руку і адчувала сябе не моцнай жанчынай, адказнай за ўсіх і ўсё – Госпадзі, які гэта цяжкі груз, – а проста мамінай дачушкай, абароненай ад усіх непрыемнасцей свету яе бязмежнай любоўю, мамінымі думкамі і малітвамі.
 
Тым, у каго яшчэ ёсць такая магчымасць, хачу параіць: не ўпускайце яе. Віншуйце матуль са святамі, шліце паштоўкі і пісьмы, дэманструйце свой клопат і любоў.
 
Каб потым, калі віншаваць ужо не будзе каго, не было невыносна, пакутліва балюча…