Найвялікшае багацце – слова. Найвялікшае багацце – наша мова. Але ніводнае слова і ніводная мова не маюць будучыні, як не маюць мінулага, калі ў іх няма літаратуры. Што ёсць гісторыя, калі няма летапісу? Казка! І што ёсць чалавек, калі не застаецца ні адзінага слова аб ім на паперы?..
Сёння, 5 мая, у нашай краіне адзначаецца Дзень друку. Часцей за ўсё выбар гэтай даты для прафесіянальнага свята кожнага журналіста, пісьменніка, друкара і нават разносчыка часопісаў звязваюць з выхадам у свет першага выдання газеты «Праўда» ў 1912 годзе. Але гісторыя гэтага дня мае карэнні даўжынёй амаль 5 стагоддзяў. І, напэўна, дата гэта – адна з самых значных для ўсяго беларускага кнігадрукавання.
Справа ў тым, што 440 гадоў таму, 5 мая 1581 года, у горадзе Астрог, што на тэрыторыі сучаснай Украіны, Іванам Фёдаравым быў надрукаваны «Календар». Гэта была лістоўка на два абароты, у якой апавядалася пра кожны месяц года. Але меў гэты невялічкі твор адну адметную асаблівасць: кожнаму месяцу прысвячаліся паэтычныя двухрадкоўі, напісаныя на старабеларускай мове. Гэта было першае ў гісторыі ўсяго друкавання на славянскіх землях паэтычнае складанне і першы надрукаваны паэтычны твор на беларускай мове.
Аўтарам радкоў быў вялікі паэт з-пад Навагрудка Андрэй Рымша. Вялікі – без перабольшання. У кожнага часа – свае героі, і ў XVI стагоддзі такім лічыўся менавіта Андрэй Рымша. Мала што вядома аб яго жыцці: няма нават дакладных звестак аб днях яго нараджэння і смерці. Але засталіся ўспаміны вядомых дзеячаў культуры, прыдворных паэтаў, лічыўшых яго сваім настаўнікам, і кіраўнікоў, лічыўшых яго сваім летапісцам. Засталося шмат іншых яго літаратурных выданняў, часцей за ўсё апавядаючых пра жыццё і дзейнасць Радзівілаў, пра рыцарскія подзвігі (бо і сам Рымша быў не толькі паэт, але і рыцар), пра храналогію гістарычных падзей таго часу. Было шмат таго, што зараз, на жаль, пакрыта пылам на полках бібліятэк і архіваў. І здаецца, што нам, сучаснікам, ужо да гэтых твораў? Што нам да гісторый, якія здараліся 5 стагоддзяў таму? Але ж з іх складаецца наша літаратура. І адраджаем мы ва ўспамінах радкі, з якіх пачыналася гісторыя друкавання. Адраджаем тых герояў, пісьменнікаў і паэтаў, якія зразумелі, якая вялікая сіла захоўваецца ў кожнай літары, пакінутай на старонках летапісаў, статутаў, кніг і нават невялічкіх календароў.
Напэўна, сённяшняе свята – гэта больш, чым Дзень друку. Гэта дзень павагі да слова. І павагі да людзей, якія маюць смеласць і талент, каб яго захоўваць. Не ў інтэрнэце, не ў гутарках у кафэ, не ў нататках на смартфоне. Яны захоўваюць літаратуру, што павінна быць на паперы, як карціна – на палатне, а музыка – на струнах інструментаў. Яны дораць жыццё найвялікшаму цуду – слову. І жыццё гэта – даўжынёю ў тысячы гадоў.