Суседка баба Маня, зазірнуўшы да мяне на агеньчык, адкрыла душу: «Ведаеш, дачушка, нешта ўчора мне так кепска было. Пра смерць нават задумалася. Як ні круці, а ўжо 82 гады маю. Напілася парашкоў, прылегла на ложак, задрамала, і сніцца мне сон, што я быццам замуж іду. А хлапец такі прыгожы, кучаравы. І так мне з ім добра. Прачнулася і падумала: а хто мае ўборы насіць будзе? Вунь колькі новых: і сарафан, і кофты. А ўжо колькі хустак! Пад кожны ўбор. Ды і ўнукаў яшчэ не ажаніла. Так чакала, што дзеці мне падараць унучку, а ўсё хлопчыкі нараджаліся. У старэйшага ўнука ізноў жа сыны. Надзея на Ігара і Дзіму. Ім даўно пара жаніца. Ды ніяк жонак выбраць не могуць. Дзіма кажа, каб сустрэў такую, як я, то адразу у загс павёў бы. А я быццам яго не разумею і гавару: нашто табе такая старая. Ты ж малады. Ён са смеху ажно пакатваецца. Так што мушу жыць».

Ад гэтых слоў прыемна робіцца на душы. Баба Маруся мне як маці: і падбадзёрыць, і розуму навучыць. Яна ўпэўнена, што любая навука только справе памочнік. Вось нядаўна вычытала ў «Камсамолцы», як Юрый Нікулін гаварыў пра тых людзей, якія ідуць на здзелкі са сваім сумленнем. «Гэтых пачвар ніколі не трэба праклінаць. Трэба пастарацца так жыць, каб зласліўцы ад зайздрасці, што ты шчаслівая, не вытрымалі». Што тут скажаш: аргумент што трэба.

У бабы Мані сотні сяброў. Куда ні пойдзе, абавязкова асалоду для душы атрымае. Кажа, нядаўна пахвалілася маладым прадаўцам магазіна, якая смачная салата атрымліваецца, калі да яе дадаць агуркі «бананчыкі». Дзяўчаткі пра такія ніколі не чулі. Бабуля ім праз дзень гасцінцы сабрала. Яны ў адказ яе гарбатай і шакаладкай пачаставалі. Баба ў сваю чаргу гарбату прынесла мне, а шакаладку перадала праўнукам. «Адна з’еш хоць і вала, адна хвала», – любіць паўтараць яна і шчодра дзеліцца з усімі, хто, як яна, ласкавы да яе. А ўсім зайздроснікам баба Маня, як чалавек веруючы, даруе.

Аднойчы суседка згледзела, як баба валачэ пустазелле пад прырэчныя кусты. Хацела яе напужаць тым, што суседскія камеры за яе дзеяннямі зорка сочаць, а гэта, маўляў, найлепшы доказ, што яна забруджвае наваколле. Баба Маня адрэзала: «Хвігу пакажу тваім камерам. Хай лепш глядзяць за тым, як твая маці памыі сюды вылівае…» Вось так. Адным махам.

Ёсць ў бабы Мані адна мара: каб адзін з унукаў пасяліўся праз час у яе хаце, каб шанаваў яе гняздо, якое за 60 гадоў стала для яе дарагім і якое яна зрабіла ўзорным. Людзі жартуюць, што ў бабы Мані аднойчы ў хаце захацела прызямліцца муха, але забілася ў час пасадкі: такая ў яе чысціня ў пакоях, такі парадак, на зайздрасць некаторым маладым. І такая ж прыгажосць на прысядзібным участку, на якім, акрамя агародніны, заўсёды радуюць вока кветкі, адна адной прыгажэйшыя. У дрэнных людзей такога не сустрэнеш. Таму хочацца спраўдзіць яшчэ адну мару дарагой маёй суседкі: зрабіць сваю сядзібу не горшай, а яшчэ навучыцца ад яе рабіць кілбасу «салямі» і вантрабянку.