
Нядаўна мне давялося пагутарыць з ураджэнцамі Луніна – вёскі ў Брэсцкай вобласці, на Піншчыне. Суразмоўнікі згадвалі суседнія паселішчы, і адно з іх – Багданаўка. Гэтая вёска зусім невялікая, але апавядальнікі нас запэўнілі, што нават мова ў ёй асаблівая. А ўсё таму, што для палескіх жыхароў стагоддзямі было характэрна адасобленае існаванне. Балоцістая мясцовасць, вясновыя паводкі, якія адлучалі людзей ад свету месяцамі, – у такіх умовах і нараджалася самабытная культура нават у невялікім селішчы. Сябры ўспаміналі архіўнае фота пачатку мінулага стагоддзя: вакол вада, на чоўне едзе маленькі хлопчык гадоў пяці і вязе ў той жа лодцы каня. Экзотыка!
Вядома, зараз мясцовасць асушылі, у Багданаўку можна даехаць. А пасля Чарнобыльскай аварыі, у канцы мінулага стагоддзя, людзей адтуль сталі нават адпраўляць па праграме рэабілітацыі ў Галандыю. Аднойчы галандцы вырашылі нанесці адказны візіт. Сябры апісваюць нам сцэну: “Прыбывае аўтобус з галандцамі. Вось выязджаюць яны да ўскраіны лесу і бачаць, як бабулька начапіла “радзюшку з лейцамі” (заплечнік прамавугольнай формы з раменямі) і цягне гэты кораб з дровамі на спіне. Пад уражаннем яны адразу пачалі фатаграфавацца з ёй, так яна іх здзівіла. Натуральна, мясцовыя забаўкі не скончыліся. Культурную праграму для гасцей падрыхтавалі на цэлы тыдзень: знаёмілі з танцамі і песнямі, паказвалі побыт, абсталяванне хат, гатавалі нацыянальныя стравы.
Вядома, адной з найбольш цікавых мясцовых з’яў лічыцца мова. У XIX стагоддзі ў Лунінскай царкве служыў айцец Платон Ціхановіч. Пажыўшы ў палескіх краях, ён заўважыў, што людзі тут размаўляюць па-асабліваму. Тады ён стаў запісваць новыя для сябе словы разам з кантэкстам і паступова сабраў столькі матэрыялу, што нарадзілася кніга – “Беларуская граматыка”. Зараз у мясцовай школе існуе музей, прысвечаны кнізе, гісторыі яе стварэння і культуры краю. Цікава, што экскурсіі ў гэтым музеі праводзяць школьнікі. Абавязковая частка “праграмы” – сцэнка, дзе на галоўную роль бяруць ураджэнца той самай Багданаўкі, каб асаблівы “акцэнт” палешукоў гучаў рэлістычна. Праз некаторы час на базе музея сталі праводзіць рэспубліканскі паэтычны фестываль, прысвечаны роднай культуры.
Насамрэч, дзе б ні знаходзілася вёска, у ёй звычайна нараджаецца свой уласны дыялект. У адных месцах гэта праяўляецца ярчэй, як у палескіх ізаляваных паселішчах, у іншых крыху слабей. Але ўсе яны, як ніткі вялізнага палатна, у выніку нараджаюць унікальны малюнак беларускай мовы – шматстайнай і шматграннай, пеўчай і меладычнай. Пазнаць усе яе грані, вядома, немагчыма.
Няхай жа гэта застанецца часткай месца, часткай той малой радзімы, што жыве ў сэрцах людзей. І хто ведае, мабыць, гэта будзе тое роднае і патаемнае, пра што ты ганарова паведаміш сябрам, пасвячаючы іх у культуру свайго краю.