Рыбик цвет.jpgВы заўважылі, што з гадамі бацькі і дзеці мяняюцца ролямі? 

Некалі мы дзецям загадвалі тое і гэта і патрабавалі бясспрэчнай паслухмянасці. Потым ужо не патрабавалі – прасілі, часам хітруючы: дзеля мяне, калі ласка… 

Дзеці падрасталі, просьб і загадаў не слухаліся, і бацькі ўжо патрабавалі – раілі, употайкі спадзеючыся, што парада дойдзе да іх розуму і сэрца, радаваліся, калі так адбывалася і крыўдзіліся, што дзеці цяпер “такія разумныя сталі – нічога ім не скажы…” 

Прыйшоў час – і ўжо дзеці нам раяць, тлумачаць, а калі і загадваюць. Якую машыну купіць, як разабрацца з функцыямі новага тэлефона, якую кнігу пачытаць, куды паехаць у адпачынак, які пакрой сукенкі і колер памады цяпер у трэндзе… “Яны маладыя, лепш разбіраюцца ў сённяшнім хуткаплынным жыцці,” – суцяшаем мы сябе і ўсё часцей звяртаемся да іх з пытаннямі. Бо хто лепш падкажа, чым сын ці дачка?

Прыходзіць час – і бацькі трапляюць не толькі ў інтэлектуальную, але і ў фізічную залежнасць ад дзяцей, калі няма ўжо ні сіл, ні магчымасцей справіцца з многімі хатнімі клопатамі. “Дзеці прыедуць – зробяць,” – суцяшаюць сябе пастарэлыя бацькі, з нецярплівасцю паглядваючы на дарогу…

Але не толькі ў фізічным і інтэлектуальным сэнсе дзеці з гадамі становяцца “бацькамі сваіх бацькоў”.

…Знаёмая расказвае пра сваю старэнькую маці:

– Ёй ўжо пад 90 гадоў падбіраецца, але яшчэ малайчынка, рухавая. Жыве асобна, да нас ехаць не хоча, кажа, што ў сваёй хаце яна сама сабе гаспадыня. Але ж гаспадыня ўжо такая сабе… Штодня да яе еду: зварыць, прыбраць, памыць… А як усю работу параблю, яна просіць: “Паляжы са мной трошкі… Раскажы што-небудзь”. У мяне і ў хаце клопатаў вышэй галавы! Ды як не паляжыш? Некалі я, малая, прасіла маму вечарам: “Паляжы са мной…” Сёння разумею, што ёй таксама яшчэ процьму работы трэба было перарабіць пасля таго, як я спаць клалася. А яна ляжала… Нешта расказвала, мае страхі і радасці выслухоўвала, казкі чытала. Ці проста па спінцы гладзіла. І так добра было мне ў тыя хвіліны, такое адчуванне абароненасці, любімасці апаноўвала! Напэўна, і мама цяпер тое ж адчувае, калі я ляжу з ёй побач і расказваю нейкія жыццёвыя байкі…

Каб толькі як мага даўжэй было каму і каля каго паляжаць…