Калі выпадае ў вольны час няспешна прайсціся па алеях парка ці сквера, міжволі назіраю за стрэчнымі. Вось прымасцілася на лаўцы чародка падлеткаў з чыпсамі і кока-колай: ведаюць, што шкодна, а хочацца, таму і схаваліся ў лесе. Гуляюць з каляскамі матулі і, што асабліва прыемна, – таты, а то і цэлыя сем’і. Няспешна шпацыруюць пенсіянеркі ў гордай адзіноце ці ў кампаніі з каляжанкамі.Асаблівая прыемнасць для вока – сямейныя пары. Як правіла, немаладыя: гэта ў пенсіянераў хапае часу для прагулак, працоўны люд можа дазволіць сабе падобны «рэлакс» хіба што вечарам пасля работы ці ў выхадныя.
Некаторых ведаю асабіста: вітаемся, перакідваемся слоўцам-другім.
…З той жанчынай працавалі ў свой час у сумежных арганізацыях: заўсёды захаплялася яе прафесіяналізмам і адносінамі да справы. А муж яе быў калегам майго, потым, праўда, разышліся іх сцежкі-дарожкі. Цяпер абое на заслужаным адпачынку. Вырасцілі дзяцей, дапамаглі падгадаваць унукаў, нядаўна адзначылі залатое вяселле. Цяпер цешацца адпачынкам, які насамрэч заслужылі.
…Гэтай сямейнай парай любуюся ўвесь час. Малажавыя, прыгожыя – і не скажаш, што ўжо праўнукаў маюць.
Не, яны не ідуць рука ў руцэ, не абдымаюцца на лавачках, не цалуюцца пад сасной, збочыўшы з дарожкі. Але і без слоў і пацалункаў нават старонняму воку бачна: кахаюць. Па тым, як глядзяць адзін на аднаго, усміхаюцца, падтрымліваюць за локаць…
Шчаслівыя, хто сустракае залаты ўзрост у пары з чалавекам, які за доўгія гады стаў больш чым каханым – родным. Самым родным нават.
Доўгімі зімовымі вечарамі яны не гавораць пра каханне, часцей – пра дзяцей, унукаў, пра ўласныя болькі. Ці ўвогуле маўчаць, бо ўсё даўным-даўно перагаворана…
Але ці не гэтае маўклівае разуменне і адчуванне іншага, як самога сябе, і ёсць каханне?


















