Рыбик цвет.jpgУ знаёмай сын скончыў школу. Прыгажун, медаліст, добра выхаваны, сур'ёзны малады чалавек з акрэсленымі поглядамі на жыццё і ўзважанымі рашэннямі. Гледзячы на яго, не тое што камень – пясчынку ў агарод сучаснай моладзі рука не падымецца кінуць. Успамінаючы сваю маладосць, мушу прызнацца: мы былі не такімі…

У калег дачушкі-равесніцы падрастаюць разумніцы і прыгажуні, выдатніцы, алімпіядніцы, актывісткі… У суседкі ўнук – студэнт прэстыжнага ўніверсітэта: яго спецыяльнасць я нават выгаварыць не бяруся, не кажучы ўжо пра тое, каб зразумець, чым ён будзе займацца…

…Радуюся. Ганаруся, нібы маю асабістае дачыненне да поспехаў гэтых, па сутнасці, чужых мне маладых людзей. 

І пры тым крыху засмучаюся…

Ёсць у гэтых разумных і прыгожых маладых людзей адзін істотны недахоп. Дакладней, не ў іх саміх, а ў іх бацькоў: усе яны – адзіныя дзеці ў сям'і.

Ні ў якім разе не збіраюся лезці ў чужое жыццё і рабіць высновы, на якія не маю права: не ведаю, чаму так сталася, нежаданне, немагчымасць ці пэўныя абставіны непераадольнай сілы таму прычынай.

Але час ад часу, калі з захапленнем назіраю за прыгожымі ва ўсіх адносінах юнакамі і дзяўчатамі, узгадваю словы Ілана Маска: «Разумныя людзі павінны нараджаць дзяцей!» Адзін з самых багатых, таленавітых і працавітых людзей планеты перакананы, што абавязак «галавастых» людзей перад будучыняй – не марнаваць свой генафонд, а даць яму дастойны працяг. 

Словы сусветнага мільярдэра не разыходзяцца са справай: у Ілана Маска дзевяцёра дзяцей. Так, ад розных жонак, ёсць нават пазашлюбныя – але пры сваёй неверагоднай занятасці ён знаходзіць час, каб прымаць удзел у іх выхаванні. І яно не зводзіцца толькі да грашовых уліванняў. «Я раблю ўсё магчымае, каб дапамагчы ў барацьбе з дэпапуляцыяй чалавецтва. Рэзкае зніжэнне нараджальнасці – больш сур'ёзная пагроза для чалавецтва, чым любая іншая», – сказаў Маск у адным з інтэрв'ю.

Зрэшты, размова не пра змяншэнне нараджальнасці як такой. Дзяцей нараджаюць, і нямала. Я ўжо маўчу пра Азію і Афрыку. Але, думаю, многія з чытачоў могуць, што называецца, «на ўскідку» назваць два-тры прозвішчы знаёмых матуль-зязюль, чыіх дзяцей выхоўвае дзяржава ці прыёмныя сем'і.

На шчасце, ёсць выключэнні. Знаёмая дзяўчынка, сяброўка маіх дзяцей, закончыўшы універсітэт, магістратуру і аспірантуру, цяпер працуе… мамай. І ў тым бачыць сваё прызванне! Яны з мужам выхоўваюць пяцёра цудоўных дзетак. Аляксандра – студэнтка, будучы педагог, Сафійка з дзіцячага садка марыць стаць доктарам – няма сумненняў, што стане. Упэўнена, што падрастаюць у той сям'і будучыя інжынеры, праграмісты, мастакі. А самае галоўнае – выхаваныя, прыгожыя, інтэлігентныя, ды проста добрыя людзі, гэта відаць ужо сёння.

І гэты прыклад – далёка не адзінкавы. Сярод маіх знаёмых і герояў журналісцкіх публікацый нямала сем'яў, дзе ўнікальны генафонд не разбазарылі, а далі яму дастойны працяг.

То, мусіць, не ўсё так змрочна з папуляцыяй разумных людзей?

Ва ўсякім выпадку, хочацца на гэта спадзявацца.