Дизайн без названия (1).jpgНа прыём да дэпутата прыйшла бабулька – старэнькая, але чысценькая, акуратная. Пра жыццё сваё расказала – дзе і кім працавала, якія ўзнагароды мае, як дзяцей цяжка падымала без мужа.

А затым з просьбай звярнулася:

– Каб вы мне як дапамаглі ў дом састарэлых уладкавацца…

Дэпутат, які аніяк не чакаў такога павароту размовы, аслупянеў:

– Як? Чаму? У вас жа, вы казалі, дзеці ёсць.

– Так, ёсць, – заківала бабулька. –Два сыны. Але цяжка ім… Адзін хворы, жонка яго кінула, дзеці не паказваюцца – хоць бы ён сам сябе дагледзеў, не тое, што мяне. А другі далёка… Сям’я ў яго, жонка гарадская… Што мне там рабіць, старой вясковай бабе: не так стану, не так сяду… Вось каб мне ў дом састарэлых, дзе ўсе такія ж, як і я, – дык, здаецца, нічога болей не хацела б…

– Ну добра, калі вы так хочаце, – пасля роздуму пагадзіўся дэпутат. –Зараз арганізуем!

– Але ж я не хачу, каб у нашым раёне! – выказала другую, самую цяжкую для ажыццяўлення частку просьбы бабуля. – Каб вы дапамаглі мне на радзіму вярнуцца, у той раён, адкуль я сюды ў юнацтве прыехала. Нікога ў мяне там не засталося… Але ж там і сонца вышэйшае, і дрэвы зелянейшыя. А галоўнае – там ніхто мяне не ведае і не будзе папракаць маіх сыноў, што аддалі матку ў дом састарэлых. Гэта ж не яны мяне выпраўляюць – я сама так захацела! Навошта ім жыць з пачуццём віны і слухаць у свой адрас усялякае-рознае…

…Размова гэтая, міжвольным сведкам якой мне давялося стаць, адбылася падчас  аднаго з прыёмаў грамадзян. Па праўдзе кажучы, не ведаю, ці ўдалося народнаму абранніку выканаць незвычайную просьбу бабулі. 

Значная частка пастаяльцаў дамоў састарэлых – чыесьці бацькі. Не, я не буду асуджаць і ганьбаваць іх дзяцей – не маю на гэта права. У кожнага свая жыццёвая сітуацыя: магчыма, дзеці ці іншыя родзічы і сапраўды не маюць магчымасці даглядаць састарэлых бацькоў. А можа, бацькі самі некалі дзяцей не глядзелі і цяпер пажынаюць тое, што ў свой час пасеялі. Але трэба, мне здаецца, на заканадаўчым узроўні прыняць рашэнне, па якім дарослыя дзеці павінны даглядаць сваіх састарэлых нямоглых бацькоў. А калі ў іх па нейкай прычыне няма магчымасці гэта зрабіць, то няхай кампенсуюць расходы на ўтрыманне сваіх бацькоў ці родзічаў. І не толькі прыватнікам, якія ў любым выпадку ў накладзе не застануцца, але і дзяржаве. Ёсць жа ў нас Дэкрэт № 18, які абавязвае бацькоў, якія не займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей, кампенсаваць расходы на іх утрыманне – чаму б не прыняць такі і ў адносінах да здаровых дарослых дзяцей, якія не клапоцяцца пра сваіх бацькоў? Дзіцячых дамоў у краіне амаль не засталося – магчыма, такім чынам і дамоў састарэлых паменшае?