У звычайным жыцці я размаўляю на рускай мове. Таксама яна з'яўляецца сродкам зносін з блізкімі, сябрамі, калегамі. Думкі мае цякуць на рускай мове – і гэта факт. Хутчэй за ўсё і дзеці мае таксама будуць навучацца на рускай мове.
Але сваёй роднай я лічу беларускую мову.
Парадокс? Верагодна. Толькі не для тых, у каго ўсё дзяцінства прайшло ў беларускамоўным асяроддзі, хто з першага класа атрымліваў адукацыю на беларускай, хто яшчэ памятае падручнікі на роднай мове, хто ў юнацтве зачытваўся беларускімі класікамі. А потым вучоба ў старэйшых класах і страх перад паступленнем ва ўніверсітэт. Здавалася, што рускамоўнае навучанне ў ВНУ будзе непераадольным бар'ерам. А яшчэ перашкоды прадбачыліся на іспытах, бо здавалася, што нічога не разумееш на рускай і не зможаш правільна выказаць свае думкі.
Перавучыцца можна даволі хутка. Замяніць адну мову іншай атрымліваецца лёгка. Чалавека нават з яго звыклага асяроддзя выцягваць не трэба – варта толькі змяніць яго.
Па леташніх дадзеных, прадстаўленых Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта, у паўсядзённым жыцці на беларускай мове размаўляюць ўсяго 3% насельніцтва Беларусі, але роднай яе лічаць 48% грамадзян. 43% ў якасці роднай выбралі рускую (дарэчы, гэты паказчык на 8% вышэй, чым было дзесяць гадоў таму).
Задумваешся пра гэта, калі непасрэдна сутыкаешся з мовай. А я вось ужо месяц збіраю інфармацыю аб тым, як пройдзе Дзень беларускага пісьменства, – кантактую з бібліятэкарамі, музейшчыкамі, настаўнікамі. Рыхтую публікацыі, тэсты, іншыя матэрыялы. Зазірнула нават у свет беларускай паэзіі і задумалася: чаму заўсёды кажу «беларуская паэзія», а не «родная паэзія», «беларуская мова», а не «родная мова»? Вось вам і словы, вось вам і самасвядомасць.