Рыбик цвет.jpgЧаста можна пачуць: галоўнае, што бацькі могуць і павінны даць дзецям – сваю любоў.  З гэтым не паспрачаешся. А паразважаць хочацца пра іншае: у чым заключаецца гэтая любоў? І ці можа яе быць зашмат, ці можна дзіця “залюбіць”?

…Размаўляем з каляжанкамі пра дзяцей-унукаў. Адна бядуе, што дарослая дачка, прыгажуня і разумніца, дзве вышэйшыя адукацыі, прэстыжная работа, ніяк не выйдзе замуж, хоць гады ўжо “падціскаюць”.

– Кажу ёй: дачушка, што ты ўсё жаніхоў перабіраеш? Калі ж ты дзяцей збіраешся нараджаць ды гадаваць? – жаліцца сяброўка. – Ужо трыццатнік размяняла… А яна ў адказ: “Я б і рада, ды за каго ісці замуж? Пакажы! Дзе знайсці таго, за кім будзеш “за мужам”? Ім жа ўсім трэба, каб іх “усынавілі”… Ці то мне так шанцуе, што адны “мамчыны сынкі” трапляюцца? Інфантыльныя нейкія… Ім не жонка, не сям’я патрэбна, а новая мамка”.

Другая катэгарычна заяўляе:

– Самі жанчыны і вінаваты! Хто гэтых мамчыных сынкоў выхоўвае? Жанчыны! У мяне адна такая жыве па суседству. Сын у трэці клас ходзіць, то яна яму кожны дзень партфель да школы нясе. Цяжка, кажа, малому, нацягаецца яшчэ за жыццё… Думаеце, ён, калі вырасце, дапаможа жанчыне?

А трэцяя ўздыхае:

– А ў мяне такі сынок… Адзіны, любімы… Адна гадавала. Вядома ж, пеставала ў дзяцінстве, думала: хто яго яшчэ пашкадуе? Школу закончыў, ва ўніверсітэт паступіў. Ганарылася! А ён кінуў праз паўгода: не змог жыць у інтэрнаце, мыцца ў агульным душы, гатаваць на агульнай кухні. Ды і ўвогуле гатаваць… Харчаваўся булачкамі ды беляшамі, ледзь да язвы не дайшло. Перавяла яго на завочнае, уладкавала на работу. Сяк-так атрымаў дыплом. Працуе, з дзяўчынай стаў сустракацца, працуюць разам. Харошая дзяўчына, вучыцца і працуе. Майго тузае: давай тое, давай гэта… А ў яго адзін адказ: навошта? Чуе маё сэрца: кіне яна яго…

…Вярнуўшыся пасля той размовы дамоў, сустрэла ля пад’езда суседку. Тая прыехала з дачы з цяжкімі сумкамі, трэба было падняць на пяты паверх. Патэлефанавала ўнуку, шаснаццацігадоваму хлопцу, які на галаву вышэйшы за бабулю:

– Алежка, ты вось гэтую сумку вазьмі, яна лягчэйшая, – размеркавала бабуля нагрузку. – А гэтую, вялікую, я сама паціху завалаку. 

Унук не працівіўся…

Ні ў якім разе не хачу дзяліць на дзяўчынак і хлопчыкаў – ведаю, што гендэрны прынцып тут не працуе і што “мамчынымі” бываюць не толькі сынкі, але і дачушкі, проста мне ў той дзень трапіліся менавіта гэтыя прыклады “залюбленых” да душэўнай інфантыльнасці (чытай: “інваліднасці”) дзяцей.

…Узгадалася пачутае нядаўна выказванне: калі бацькі цяжка працуюць, а дзеці атрымліваюць асалоду ад жыцця, то ўнукі будуць прасіць міласціну. Жорстка. Не дай Бог нікому гэтага зведаць.