У першыя гады журналісцкай працы неяк давялося мне спаткацца з адной бабуляй і затым пісаць пра яе. За даўнасцю часу забыліся некаторыя дэталі, але не ідзе з памяці сама гісторыя.
…Сын у той жанчыны памёр. Нявестка, як кажуць, «збадзялася» – з’ехала за свет, пакінуўшы на руках хворай свякроўкі, ужо тады пенсіянеркі, чацвёра малых дзяцей. Пенсія ў бабулі ў той час была 12 рублёў. Не ведаю, ці атрымлівала яна якую-небудзь дапамогу ад дзяржавы, а калі і атрымлівала, то мізерную. Але ўнукаў у інтэрнат, як яе ні ўгаворвалі, не аддала. Ніводнага. Усіх падняла, вывучыла, на ногі паставіла.
…Вядома, я не стала пісаць у газетным артыкуле, на якія сродкі існавала тая сям’я, бо бабулін «прыдарожны» бізнес быў з крымінальным адценнем: каб падняць дзяцей, жанчына гнала і прадавала самагонку. Не змагла яе асудзіць за тое. Ды і не толькі я: пра бабульчын «промысел» ведалі і ў сельсавеце, і ў міліцыі, але старую не чапалі: шкадавалі яе і дзяцей.
Шкадавалі, калі дзеці былі малыя. Яшчэ больш, калі ўнукі выраслі.
Старэйшы ўнук – хлопец-дуб, прыгажун, разумнік – паступіў у інстытут, паехаў з сябрамі на прыроду, упаў з дрэва спіной на камень, пашкодзіў пазваночнік – калека на ўсё жыццё. Унучка – сціплая, прыгожая дзяўчына, першая бабуліна памочніца – закахалася ў заезджага «шабашніка», паверыла спакусніку і засталася адна з дзіцем на руках. Яшчэ адна ўнучка пайшла па матчыных слядах. А самы малодшы, які застаўся ў вёсцы, на якога бабуля ўскладвала апошнія свае надзеі, – спіўся.
«Як няроўна Бог дзеліць, – са скрухай ківалі галовамі вясковыя жанчыны. –Аднаму – шчасця гору, другому – гора мора». Гэтак жа прыкладна думала і я, не суадносячы бабулін «бізнес» і яе шматлікія няшчасці. З цягам часу, з гадамі і вопытам, прыйшло іншае перакананне: няма злачынства без пакарання, не бывае слязы неадплаканай, крыві неадплачанай. Іншая справа – каму адальюцца тыя слёзы, хто, калі і як заплаціць за тую кроў.
…Бабуля, ратуючы ад голаду і галечы сваіх унукаў, прадала бутэльку самагонкі калгаснаму трактарысту. Той раніцай пасварыўся з брыгадзірам, выпіў са злосці ўсю бутэльку тут жа, ля бабулінай хаты, у кабіне трактара. І паехаў цераз вёску на поле.
З двара выбег на вуліцу трохгадовы хлапчук… П’яны механізатар не здолеў спыніць магутную машыну ці звярнуць убок. Дзіця загінула на месцы.
Па іроніі лёсу гэта быў хросны сын таго трактарыста. Калі працверазеў, ён усвядоміў, што нарабіў, і налажыў на сябе рукі. Сіротамі засталіся трое малых дзяцей.
…Калі крыж, які нясе кожны з нас, часам здаецца невыносна цяжкім, падумайце, можа, у тым крыжы чые-небудзь неадплаканыя слёзы?
Сляза неадплаканая
Автор: Ніна Рыбік
28
Смотреть также