«Форс-мажор калі-небудзь здараецца ў кожнага», – гэтак я супакойвала сябе, калі, прыехаўшы да Яніны Ілюк, высветліла, што забыла фотаапарат і дыктафон… Нічога, смартфон мне ў дапамогу! Там ёсць усё патрэбнае.
Але гаджэт з’едліва паказаў, што зарад батарэі складае толькі 5%.
Убачыўшы маю разгубленасць, Яніна Вітольдаўна прапанавала:
– Вазьміце маё зараднае...
І дастала амаль такі ж смартфон, як у мяне…
Каб зразумець маё здзіўленне, трэба ведаць, што Яніне 77 гадоў. І жыве яна ў амаль апусцелай вёсцы сярод лесу.
Перабраўшы ў галерэі свайго смартфона фотаздымкі, жанчына паказала мне і праўнука, і аленя, што нядаўна прыходзіў да сядзібы, і кветнік, які рос летам пад вокнамі, і буйства архідэй, і свае грыбныя трафеі – тое, што я ўпадабала, тут жа пераслала на мой тэлефон.
– Інтэрнэт у нас слабаваты, – пажалілася жанчына. – Чула, што можна купіць узмацняльнік, трэба папрасіць унучку, каб заказала…
– І даўно вы так ліха ўпраўляецеся з гаджэтамі? – пацікавілася я.
– Ды гадоў 5 ужо, – махнула рукой Яніна. – Неяк сын прыехаў з планшэтам, я паглядзела, якія ў яго магчымасці, загарэлася і папрасіла, каб і мне купіў. А як смартфоны з’явіліся, дык і планшэт не трэба: увесь свет у цябе ў кішэні! Захачу нешта новае прыгатаваць – спытаю ў Google: ён мне 20 ці 30 рэцэптаў выдасць – выбірай што больш даспадобы. Сын з Літвы з-за ковіду даўно не прыязджаў, але мы заўсёды на сувязі. Што ні кажыце, а добрая гэта справа, карысная… Я ўжо і не ўяўляю, як без інтэрнэту жыла.
…А я падумала: як часта людзі «залатога ўзросту» самі сябе абмяжоўваюць, не жадаючы асвойваць новую тэхніку. Яны прыдумляюць сотні прычын, каб не ўзяць у рукі сучасны сродак сувязі. Накшталт: «Гэта дорага, не з маёй пенсіяй!» Але ж купіць камп’ютар ці смартфон можна ў крэдыт ці растэрміноўку. Да таго ж дзеці могуць зрабіць вам такі падарунак на дзень нараджэння ці Новы год – ці ж вы не заслужылі? Можа, нават не новы, калі лічаць, што для бацькоў сучасная тэхніка занадта «крутая». Затое колькі неспадзяванай радасці можна падарыць сваім бабулям і дзядулям, якія, як бачыце, і не такія ўжо і «адстойныя», каб разабрацца ў іх.