«Радыяцыя ідзе! Да нас ідзе радыяцыя!» — з гэтымі крыкамі дзеці, быццам спужаная чародка вераб’ёў, гнаная велізарным, злым ценем, разляцелася па сваіх дварах. Зачынялі брамкі, вароты, дзверы хат. І хоць ніхто нават уяўлення не меў, што гэта за «радыяцыя» такая, усе адчулі нябачную пагрозу са смакам металу на зубах і нясцерпным галаўным болем. Ураўнаважанае жыццё ператварылася ў бясконцае трывожнае чаканне...
 
Спачатку – чаканне выбуху яшчэ аднаго ядзернага рэактара. Шматтысячны горад тады апусцеў. Было ўказанне: не выходзіць на вуліцу, уключыць радыёпрыёмнікі, прыгатаваць усе неабходныя дакументы, рэчы і пры сігнале сірэны спусціцца ў падвалы, склепы, бамбасховішчы. Асабліва горка было за людзей, якія перажылі Вялікую Айчынную вайну.
 
Затым – чаканне сустрэчы з роднымі. Звыклае жыццё жыхароў горада Хойнікі перавярнулася за адзін дзень. Небяспечным для жыцця стала ўсё звыклае: ежа, вада, паветра, зямля і яе плады і нетры. Пачалася паніка. Натоўпы людзей сталі штурмаваць вакзалы, спяшаючыся вывезці з забруджанага горада блізкіх і перш за ўсё дзяцей. Цэлыя эшалоны, перапоўненыя людзьмі, адыходзілі ў розныя напрамкі неабсяжнай краіны – Савецкага Саюза. Так самыя родныя і блізкія людзі былі вымушаны пачынаць жыццё нанова, удалечыні адзін ад аднаго, ад роднай хаты. Толькі пакінутыя дамы з мэбляй, цацкамі і начыннем, быццам куфры з пасагам, надавалі надзею і веру…
 
Але вяртання не адбылося. Усё часцей гучала слова «чужына», а ва ўжыванні жыхароў «чыстых зон» з’явілася слова «перасяленцы». Так вымушаныя перасяленцы сталі людзьмі без каранёў (засталіся без малой радзімы). Ім давялося зноў заваёўваць аўтарытэт як у прафесійнай, так і ў асабістай сферах. І зноў чакаць… Ці стануць яны калі-небудзь сваімі сярод чужых? Найскладаней даводзілася дзецям: новыя выкладчыкі, дзіцячыя калектывы са сваімі правіламі і нормамі паводзін. Аднак цярпенне і надзея паступова ператварылі вялікую непрыязнасць у сапраўднае шчырае сяброўства на многія гады.
 
Але гэта было потым. А цяпер чатырохгадовая дзяўчынка сядзела пад сталом, замкнуўшы ўсе засоўкі ў доме і ўпершыню свядома малілася. Маліла Бога аб тым, каб бацькі вярнуліся дадому і іх не забрала нікому невядомая, няпрошаная, страшная госця, імя якой Радыяцыя.