
– Не, будзем піць з падарункавых. Трэба ж калі-небудзь іх абнавіць… А найлепш – пабіць!
І расказала, як у свой час, калі дзеці былі яшчэ малыя, па блату, з пераплатай купіла два прыгожыя фарфоравыя сервізы – для аднаго сына і другога. Маўляў, вось вырастуць яны, ажэняцца – і свякроўка падорыць нявесткам каштоўныя падарункі…
Так і стаялі тыя сервізы больш за 20 гадоў нераспакаванымі. Сыны даўно выраслі, пажаніліся, але ні адна, ні другая нявестка не захацелі прыняць падарункі. Першая, якая жыла далёка і прыязджала рэдка, не жадаючы пакрыўдзіць свякроўку, усё прыдумвала нейкія адгаворкі: то няма месца ў чамадане, то баіцца пабіць у дарозе… А другая, бліжэйшая па месцы жахарства і стасунках, сказала проста і шчыра:
– Не, мне не трэба. Цяпер такімі сервізамі ніхто не карыстаецца. У нас дастаткова прыгожага сучаснага посуду…
Расказала пры нагодзе гэтую гісторыю на рабоце, а маладзейшая калега сумна ўсміхнулася:
– Ды што там сервіз! Калі я нарадзілася, сяброўкі падарылі маме пральную машыну “Малютка” – таксама, пэўна ж, не проста было яе купіць. Каб ёй прасцей было з мыццём бялізны ўпраўляцца. А мама вырашыла: хай дачушцы – мне, значыць, застаецца: вось вырасце, пойдзе замуж – а тут і пасаг гатовы! Сама рукамі, ў карыце ўсё жыццё бялізну мыла, а “Малютка” на гарышчы стаяла, чакала, пакуль я вырасту. Ну, вырасла, вывучылася, стала працаваць – купіла машыну-аўтамат. А “Малютка”, напэўна, ўжо згніла за гэты час…
І колькі такіх прыкладаў! Думаю, кожны чалавек старэйшага пакалення можа прывесці пару-тройку для пацвярджэння колішняй невядома кім уведзенай традыцыі: усё лепшае – дзецям! А мы як-небудзь… А калі не дзецям, то – “на чорны дзень”. Ці “на выхад”…
Час ляціць. Дзеці выраслі – і ім наша “лепшае” аказалася непатрэбна. Больш таго: яно для іх зусім не лепшае, а пазаўчарашні дзень, яны ўсё, што ім трэба, і такое, як яны хочуць, купляюць самі (часта за нашы грошы, але гэта тэма іншай размовы). І грувасткія сервізы, стосы зляжалай пажаўцелай пасцельнай бялізны, пуховыя падушкі, ватныя коўдры і іншыя атрыбуты дабрабыту, якія старанна назапашвалі для іх дарослага жыцця бацькі, аказаліся незапатрабаванымі… “Чорны дзень” так і не настаў (і дзякуй богу!), а “выхад” раптам скончыўся.
Спытаеце, для чаго я завяла гэтую размову? Ды параіць хачу дарослым дзецям (якія ж таксама часам жывуць па прынцыпе “усё лепшае – дзецям”) і іх ужо пасівелым бацькам: жывіце тут і цяпер, не дзеля дзяцей і ўнукаў, а для сябе. Насіце прыгожае адзенне, якое вам пасуе цяпер – заўтра яно можа стаць цесным, нязручным ці нямодным. Пакаштуйце стравы і напоі, смак якіх не ведаеце – а раптам вам спадабаецца? Вандруйце па тых мясцінах, дзе хочацца пабываць, бо, як сказаў некалі Марк Твэн, у старасці мы будзем шкадаваць толькі аб двух рэчах: што мала кахалі і мала падарожнічалі.
…І няважна, колькі пры гэтым у вашых шафах застанецца нераспакаваных сервізаў, камплектаў пасцельнай бялізны, новых ручнікоў і абрусаў. Найлепш, калі іх там зусім не будзе. Бо дзевяноста са ста: калі вас не стане, вашы дзеці іх проста выкінуць. У лепшым выпадку – пусцяць на анучы.