Мова – душа народа. Яна – носьбіт гісторыі, культуры і памяці народнай. Любоў да роднай мовы аб’ядноўвае многамоўнае чалавецтва, здольнае ўзаемадзейнічаць адзін з адным, размаўляць адкрыта.
 
Цяжка пераацаніць значэнне мовы, на якой кожны з нас у далёкім дзяцінстве пазнаў свет. Але наколькі я сябе памятаю, на беларускай размаўлялі больш на вёсцы. А ўсё таму, што зыйшла з простага народа. У пасёлках гарадскога тыпу накшталт майго роднага Лагойска яна трансфарміравалася, а ў сталіцы вясковага чалавека наогул было лёгка адрозніць ад гарадскога. Не ведаю чаму, але мы, выпускнікі 80-х, стараліся ўпадобіцца мінчукам. Самай вялікай абразай было для дзяўчыны ці хлопца, калі іх наўмысна хтосьці абзываў калгаснікам. Вось мы і стараліся як мага хутчэй збаўляцца ад тых вымаўленняў і слоў, якія “псавалі” нашу характарыстыку.
 
На памяць усплыў такі выпадак, калі мая аднакласніца, жыхарка вёскі Зялёны Луг, правяла лета ў сваёй цеткі ў Мінску і стала вымаўляць замест слова “чаго” “чаво”. Трапны на язык наш выдатнік Толік тут жа ахрысціў яе мянушкай “цяво”. Той аднакласніцы даўно няма ў жывых, але мянушку яе памятае кожны. І цяпер ужо пацяшаецца не з некалі незадачлівай дзяўчыны, а з сябе. У тым ліку і я. Нягледзячы на тое, што вучылася пісаць і чытаць па рускаму буквару, пасля заканчэння ўніверсітэта прыйшлося асвойваць, прычым грунтоўна, беларускую мову: наша газета “Родны край” выдавалася на матчынай мове. Памятаю, рэдактар Барыс Сасноўскі выклікаў мяне ў кабінет і пачаў ушчуваць. Маўляў, ты ніколі не напішаш сакавіта пра чалавека, калі будзеш з дапамогай слоўніка перакладваць свой тэкст (ён убачыў мае пакуты перакладчыка…). І я пачала “штурмаваць” творы беларускіх пісьменнікаў
 
– Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Івана Шамякіна, Вячаслава Адамчыка. Па патрабаванню рэдактара ў сценах установы супрацоўнікі размаўлялі толькі на беларускай мове. Як жа мне напачатку было цяжка! Аднак і сама не заўважыла, як даволі хутка “абжылася”.
 
Ужо праз два гады мяне прынялі ў Саюз журналістаў СССР па рэкамендацыі аўтарытэтнай камісіі, у склад якой уваходзіў у тым ліку і літаратурны крытык, літаратуразнаўца Міхаіл Мушынскі.
 
Даўно гэта было. Больш дваццаці гадоў я працую ў газеце “Перспектыва”, пішу на рускай мове, але матчынай мовы не забылася. Часам на хвіліну-другую задумаюся, і “тчэ, забыўшыся, рука заміж персідскага ўзора цвяток радзімы – васілька”. Гэта значыць, што пішу па-беларуску. І бывае нават сорамна перад сваімі калегамі, што не магу знайсці ў беларускай мове рускага сіноніма. Зараз я не саромлюся таго, калі выпадае магчымасць з кім-небудзь завесці гаворку на беларускай мове, а ганаруся.. Праўда, калі гэта надараецца на людзях, то лаўлю цікаўныя погляды і кожны раз успамінаю Ніла Гілевіча, прафесара, выкладчыка БДУ, які гаварыў: “Калі на цябе людзі пазіраюць як на выкапень, то ты штосьці значыш у гэтым свеце”. Хацелася б так думаць.
 
 «Бессмертие народа – в его языке», – сказаў пісьменнік Чынгіз Айтматаў. Мова этнасу дапамагае захоўваць яго гісторыю і культуру, традыцыі і бытавы ўклад. Не выпадкова, что з’явілася свята – Міжнародны дзень роднай мовы. Ёсць магчымасць праверыць сябе, як учора, напісаўшы дыктоўку, і яшчэ паразмаўляць на мове сваіх дзядоў і прадзедаў. 
 
Дарэчы, а вы ведаеце, што 139 моваў карэннага насельніцтва Расіі лічуць рэдкімі, 22 знаходзяцца ў крытычным стане, 29 – у небяспецы, 49 – пад пагрозай знікнення, 20 – выклікаюць асцярогу? Я спадзяюся, што і праз тры стагоддзі родная мова застанецца не ў музеях і кнігах, а будзе жыць у кожным беларусе, у яго сэрцы і крыві. Я адчуваю яе ў сабе, як дрэвы адчуваюць глебу каранямі. Мне хочацца верыць, што час, калі мову змарнуюць, не наступіць ніколі, бо пакуль жыве ў чалавеку мова, будзе жыць і яго краіна.