Культура народа выяўляецца ў многім. Гэта і літаратура, і традыцыі, і прыкметы, і абрады. Але, напэўна, ні ў чым іншым няма столькі душы, столькі самабытнасці, як у песні.

Мне здавалася, я ведаю шмат беларускіх народных песень. Усё ж такі амаль дзесяць гадоў граю ў музычных калектывах на цымбалах. Але калі пачула, як спявае на застолле вясковая жанчына, я літаральна адкрыла для сябе новы свет.

Яна не выконвала аніякіх вакальных канонаў – як трэба дыхаць, як адкрываць рот, як стаяць ці сядзець – яна быццам гаварыла са мной, як хвіліну таму, толькі словы складаліся ў мелодыю. А часам я нават і не пазнавала тых слоў, настолькі яны былі беларуска-палескія, народжаныя балотамі і палямі.

Іх вёска Вязавіца заўсёды славілася сваімі галасамі. І суседнія сёлы ведалі: гэтыя – пявучыя. У кожнай хаце спявалі, а калі выходзілі ў поле ўсёй вёскай – нават птушкі заслухоўваліся.

Алена, што там нарадзілася і вырасла, расказвала мне аб сваім дзяцінстве:

– Сядзем за вячэру ўсёй сям'ёй, а потым кожны сваю песню зацягвае. Мне матуліна песня асабліва падабалася, але такая сумная была, што я заўсёды плакала. А тата мой басаваў (спяваў басам). Мне, малой дзяўчынке, здавалася гэта непрыгожым, і я затыкала вушы. А зараз успамінаю, як яны з мамай разам спявалі, разумею – цудоўна гэта было.

Большасць песень спявалі яны ўсёй сям'ёй, на пяць галасоў. А калі з сястрой выходзілі па ягады ці грыбы – на два.

– Глядзіш, думаеш пра сябе, як гэта лукошка набраць? Хіба ўсё жыццё буду паляну абіраць. Але заспяваеш – і на кожную прыгоршню па аднаму стоўбіку – дык сам не заўважыш, як поўнае вядро набраў. А ў песнях, памятаю, я заўседы «суніцы» на «чарніцы» змяняла, бо іх больш любіла. Так і прыходзіла з чарніцамі, – з усмешкай паведамляе Алена. – А калі дома чарэшні спелі, нас таксама з сястрой адпраўлялі іх збіраць. Залезем мы на дрэва і як зацягнем песню – уся вёска чуе. Ідуць мужыкі міма і дзівяцца на нас: «Вось ужо дзеўкі заспявалі!»  

У расказе гэтым было больш песень, чым слоў, бо кожны ўспамін нараджаў у жанчыне мелодыі.

– Быў у нас адзін дзядуля ў вёсцы – хварэў на астму, і, калі яму станавілася горш, выходзіў да свайго пруда. Прыгожае там было месца – вада, на беразе дзве бярозы ды паміж імі лавачка. Ён садзіўся, спяваў. Бывала, я прыйду да яго і чую знаёмую мелодыю, – тут Алена і сама ўспомніла тую песню – пра шэрую качку, што плавала па моры і марыла аб Радзіме. – Мне падабалася туды прыходзіць, калі сумна, але баялася, што бацькі за штосьці на мяне злуюцца. І тады мы спявалі разам – стары з малой – і глядзелі на пруд і качак.

Зараз і Алена ўжо мала спявае – іншая вёска, людзі іншыя. Да і «немодна» ўжо тыя, народныя, успамінаць. Але дзесьці ў глыбіні яе думак жывуць словы і мелодыі далёкіх часоў. Словы, якія не знойдзеш у ніводным зборніку, толькі ў кожным сэрцы, што хоць раз іх пачула.