Наша зямлячка рана пачала рыфмаваць. Пэўна, паўплывала кроў: у родзе было шмат здатных асобаў. Значную ролю адыграла і сувязь з малой радзімай. Яна апошнія пяць гадоў была галоўным аб’ектам творчасці.
Ген Васілька
.jpg)
– Маю маму яшчэ падлеткам да творчасці падштурхнула вайна. Спачатку арыштавалі аднаго брата-партызана, яго мучылі ў засценку ў Азёрах і канчаткова замардавалі на допытах у гродзенскім гестапа. Пасля схапілі і вывезлі ў канцлагер Маўтхаўзен другога. Ён пасля вызвалення, ужо аслабелы, памёр у бальніцы, – рассказала Галіна Самойла. – Што тычыцца майго бацькі, то ён разам з мамай вёў у школе літгурток і ствараў сценгазету. Калі было патрэбна, пісаў побытавыя і жартоўныя вершыкі.
Маленькая Галіна сама пачала рыфмаваць у 6 гадоў, але саромілася камусьці гаварыць. Мама запісвала чатырохрадкоўі, а тата перакладаў іх на мову. Такім чынам яны праяўлялі свой бацькоўскі клопат і веру ў будучы поспех дачкі. Дом быў поўнай чашай, таму не дзіўна, што аб дзяцінстве засталіся самыя цёплыя ўспаміны.
Хата ў Бандарах

Маленькая Галя разам з братам і бацькамі жыла ў «маёнтку», які збудаваў дзед па мужчынскай лініі. Самога Восіпа Сямёнавіча дзяўчынка не памятала: ён памёр у год яе нараджэння, пакінуўшы нашчадкам у спадчыну старыя кнігі і падшыўкі газет, якія ў 30-я выпісваў з Вільні (цяпер гэта скарбы хатняй бібліятэкі). Затое з бабуляй Надзеяй давялося правесці дзевяць шчаслівых гадоў. Яна жыла ў паўцокальным паверсе, таму шпаркая ўнучка кожны дзень бегала па прыступках наверх і наніз і бавіла час, пакуль бацькі былі на працы.
– Такой планіроўкі ні ў кога навокал няма! Брат дзеда пабудаваўся побач, але ў яго звычайная хата на фундаменце, – кажа Галіна Самойла. – Восіп Сямёнавіч жа пазнаёміўся з сібірскімі тэхналогіямі падчас Першай сусветнай вайны, калі быў бежанцам у Арэнбургскай губерніі. Таму ён сам лёгка спраектаваў гаспадарчыя памяшканні і лазню на ніжнім узроўні. Папарыцца сваякі прыходзілі рэгулярна.
На мясцовы каларыт паўплывала і тое, што тут дзейнічаў калгас, у яго ўваходзілі яшчэ тры вёскі – Стральцы, Ляшчыцы і Лазы. Кожны год улетку для аграрыяў ладзілі фестываль каля ракі Котра, праз якую хоць і быў пастаянны мост, ставілі яшчэ драўляны.
Дзеці бегалі па ім на канцэрт і за прысмакамі ў часовыя ларкі. Галіна і цяпер адчувае непаўторны смак цукерак, марозіва, гарбаты і напояў. Як віншавалі калгаснікаў, не памятае. Але на мерапрыемстве заўсёды быў аншлаг і вясёлыя танцы, людзі шмат размаўлялі і жартавалі.
Адна падзея значна пашырыла кола зносін Галіны. Аднойчы бацькі даслалі вершы 13-гадовай дачкі ў часопіс «Бярозка», іх надрукавалі! Потым пакарыліся старонкі газет «Піянер Беларусі», «Гродзенская праўда», раёнкі «Сельская новь». Прыходзілі шматлікія лісты ад падлеткаў, якія адчулі родную душу, хацелі сябраваць. Больш увагі даставалася і ў школе. Сем класаў дзяўчынка адвучылася на месцы, а заканчвала васьмігодку ў Стральцах. Там установа адукацыі адчынілася ў 1974 годзе: калгас узбуйнілі, большая частка будынка канторы стала непатрэбнай (толькі на першым паверсе засталіся клуб і бібліятэка). Захавалася шмат цёплых школьных фотаздымкаў, бо вяскоўцы іх заўсёды берагуць.
Тры галасы
Каб удасканаліць валоданне словам, выпускніца Галіна Самойла пайшла на філфак Гродзенскага педынстытута імя Янкі Купалы. Атрымаўшы дыплом, пачала працаваць з дзецьмі. Педагагічная дзейнасць у некалькіх школах і дзіцячым садку паўплывала на тое, што ў творчасці з часам, апроч лірічных роздумаў, сталі з’яўляцца творы для маленькіх. Няхай наша зямлячка не самая знакамітая паэтка сучаснай Беларусі, але атрымала поспех у рэспубліканскай газеце «ЛіМ» і часопісе «Полымя», што ў асяроддзі літаратараў лічыцца адзнакай якасці. У свае 40 гадоў адчула жаданне падвесці прамежкавы вынік творчага жыцця.
– Планавалі выдаць кнігу сумесна з маці: Фаіна Ігнатаўна актыўна друкавалася ў прэсе (захаваўся вялікі стос папяровых аркушаў). І тут абедзве дазналіся, што мой утойлівы брат Валянцін таксама піша вершы, – расказала Галіна. – Так у 2001-м выйшаў сямейны зборнік «Сола трох галасоў» з прысвячэннем любімаму мужу і бацьку. Невялічкі тыраж надрукавалі за ўласны кошт і ўрачыста раздарылі на малой радзіме.
Пасля выйшлі аўтарскія зборнікі «Между светом и тьмой», «Зоркі над маўклівай адзінотай», «Чароўны ліхтарык». Апошні зборнік вершаў «Паляцелі птушкі ў вырай» надрукавалі ў 2019 годзе. З выданнем дапамаглі былыя калегі з СШ №6 г. Гродна, аздобілі кнігу малюнкі вучняў. Фішкай стала выкарыстанне ў кожным вершы безэквівалентнай лексікі. Напрыклад, «знічка», «шуфляда», «каханне» не перакладаюцца па-русску адным словам. Цікавыя вершы паэтэсы дапамогуць дашкольнікам больш дасканала вывучыць родную мову.
– Гэта было аднойчы, калі я мэтанакіравана пісала творы, – прызналася Галіна Самойла. – Звычайна лепшыя радкі прыходзяць у начной цішы. Але часта натхненне можа прыйсці ў дарозе ці на прыродзе.
Летапіс памяці
Дзедава хата ў Бандарах някепска захавалася ў свае амаль 100 гадоў. Сюды Галіна часта прыязджае з Гродна, можна казаць, жыве тут амаль увесь цёплы сезон. Штосьці патрабуе рамонту, але абодва сыны, як кажуць, з рукамі: сталяр і будаўнік. На ніжнім паверсе ўжо перарабілі рускую печ у пліту. А маці вынайшла яшчэ адзін спосаб захаваць спадчыну.
– Я ўзялася за сур’ёзную прозу. Размаўляла з кожнай сям’ёй, запісвала ўспаміны. Наведвала гродзенскі архіў на Гаспадарчай. Ацыфравала больш за 1000 фотаздымкаў, – успамінае Галіна. – За 5 гадоў стварыла летапіс малой радзімы і ваколіц, спаленых немцамі: Дземшы (Полымя), Сіняга Каменя і Шкленска.
.jpg)
– Да адмены прыгоннага права жыхары належылі памешчыку Валіцкаму, які жыў у Азёрах. У фондах па яго сядзібе засталіся рэвізскія казкі за 1811, 1816, 1834 і 1858 гады, паперы кшталту вынікаў перапісу насельніцтва. Іх у сваёй кнізе таксама надрукавала, – падзялілася Галіна. – Дзякуючы таму, што ў Бандарах жыло только па 2-3 сям’і Самойлаў, знайшла ўсіх продкаў, ёсць што пакінуць сынам у спадчыну. А вось людзям з прозвішчам Сыты гэта цяжка зрабіць. Іх каля 15 дамоў. Род таленавіты. Магчыма, Сытыя і заснавалі вёску, пераехаўшы з Чарнігаўшчыны. Бо ў Беларусі шмат людзей з такім прозвішчам жыло толькі на Скідзельшчыне.
Цяпер жанчына ад вершаў адыйшла. Па характары яна меланхолік, але больш хоча звярнуцца да філасофскіх роздумаў, без эмацыйных усплескаў раскрыць у беларусах нешта таемнае і моцнае, тое, што нас аб’ядноўвае і надае сілы.
Фото автора.