У мяне ёсць блізкі чалавек, вельмі дарагі нашай сям’і – прадзядуля Мікалай Мікалаевіч Парфенчык, які нарадзіўся 15 мая 1922 г. у сялянскай сям’і ў вёсцы Бершты. У 1929 г. прадзед пайшоў у сямігадовую публічную польскую школу ў вёсцы Нарашы Шчучынскага павета і закончыў яе з добрымі адзнакамі. У 1938 годзе ён з вялікімі намаганнямі паступіў у Дзяржаўную механічную гімназію ў Вільні. Гістарычныя падзеі перашкодзілі здзяйсненню яго мары – стаць адукаваным механікам.

Ужо на трэці дзень вайны немцы былі ў Нарашах. Вайна перакраіла ўсе планы, усе спадзяванні. 25 чэрвеня 1941 года Мікалая Мікалаевіча з сястрой Аленай разам з многімі маладымі людзьмі забралі ў Гродна для адпраўлення ў Германію. Волей лёсу маці Серафіма Іванаўна здолела забраць дзяцей і ўпотайкі вярнуць іх дадому. 

У час акупацыі прадзядуля працаваў на гаспадарцы і падпольна дапамагаў партызанам: рамантаваў гадзіннікі, рацыю, наладжваў выбуховыя прылады. 

Прадзядуля быў цудоўным чалавекам, цярплівым, мудрым, з незвычайным пачуццём гумару. Усё, пра што ён расказваў, клалася на душу нібы верш – дакладна, у рыфму. Гэта ён навучыў нас з сястрой з пашанай ставіцца да хлеба. Крый божа, кавалачак хлеба падаў на падлогу, ён падымаў яго, цалаваў і казаў: «Хлябочак мой родненькі, даруй!» Ён навучыў нас з паважаць людзей, не зважаючы на іх статус і званне. Для нас законам стала яго жыццёвая навука: які бы ён ні быў, перш за ўсё, гэта варты чалавек.
Мой прадзядуля вырасціў цудоўных, працавітых і добрасумленных дзяцей Я ніколі не чуў, каб ён павышаў голас. І галоўная якасць яго душы – незвычайная любоў і суперажыванне да людзей. Нам з сястрой вельмі падабалася, калі ён прыязджаў у госці, расказваў цікавыя гісторыі. Толькі вайну ўспамінаць не хацеў.

…Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. былы камандзір партызанскага атрада Я. С. Таквараў, якога прызначылі ўзнімаць народную гаспадарку на мясцовасці, ведаючы майстэрства Мікалая, настойліва паклікаў яго працаваць у сваю родную вёску Гурнофель. Працоўная біяграфія прадзеда пачалася на пасадзе памочніка токара Васілішкаўскай МТС. Патопленыя напярэдадні адступлення высокакласныя нямецкія станкі і механізмы былі падняты з дна возера, адрамантаваны і наладжаны для аднаўлення разбуранай сельскай гаспадаркі. 

Дырэктар Васілішкаўскай МТС Я. С. Таквараў разумеў, што такому таленавітаму механіку-самавучцы нельга без адукацыі, і прапанаваў Мікалаю Мікалаевічу паступіць у Жыровіцкі тэхнікум. Будучы ўжо жанатым чалавекам і маючы дзвюх дочак, з 1954 па 1956 год ён вучыцца і атрымлівае дыплом тэхніка-механіка. Адукацыя хутка дала выдатныя вынікі, і ў 1957 г. той жа Я. С. Таквараў узнагародзіў дзядулю ганаровай граматай за перавыкананне норм на рамонце, што дазволіла МТС датэрмінова і якасна падрыхтавацца да вясенніх палявых работ. Гэта была яго першая ўзнагарода з шэрагу будучых прызнанняў.

З 1964 г. і да самай пенсіі наш прадзед працаваў загадчыкам Гурнофельскай майстэрні Шчучынскага аддзялення «Сельгастэхніка», меў самы высокі разрад токара – сёмы. Але ён быў не проста загадчыкам, у якога ў падпарадкаванні былі дзясяткі людзей, а сам заўсёды працаваў з тэхнікай, удасканальваў мноства дэталей і агрэгатаў, выпісваў і чытаў навукова-тэхнічныя часопісы. 
Штодзённая старанная праца на карысць Радзімы была заўважана і заслужана адзначана. Мікалай Мікалаевіч мае аўтарскія пасведчанні на тэхнічнае ўдасканаленне, зацверджаны ўдзельнікам ВДНГ СССР; узнагароджаны значком «Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі», бронзавым медалём ВДНГ СССР, значком за высокія прамысловыя паказчыкі і ў азнаменаванне 10-годдзя «Белсельгастэхнікі», дыпломам ІІІ ступені ў юбілейнай выстаўцы «Новаторы Белоруссии – 50-летию СССР», ды іншымі.

Пасля смерці жонкі Ніны Мікалаеўны прадзядуля пераехаў да дзяцей у Слонімскі раён і ўладкаваўся у калгас токарам. Да 73 гадоў ён працаваў у майстэрні. 

Мікалай Мікалаевіч – майстар на ўсе рукі – не мог і на пенсіі сядзець без працы. Гадаваў праўнукаў, працаваў на дрэваапрацоўчым станку, займаўся хатняй гаспадаркай, спраўляўся з садовымі клопатамі, рамантаваў любую тэхніку: ад аўтамашын да прасаў і пыласосаў. У сталым узросце здзівіў сваіх унукаў і праўнукаў тым, што змог сыграць няхітрую мелодыю на скрыпцы, чаму навучыўся падчас вучобы ў Нарашоўскай школе.

 Памяць і існуе для таго, каб перадаць успаміны нашчадкам, каб ніколі яны не перажылі таго, што давялося перажыць іх продкам.


Савелій БОГДАН, 
навучэнец 4 класа сярэдняй школы № 3 г. Скідзеля 
імя Е. М. Шаўчэнка.