Штогод у гэтыя дні запальваю лампады, прыношу кветкі і ўшаноўваю хвілінай маўчання памяць маіх дзядоў. Моўчкі стаю і думаю аб тым, што яны жылі на гэтай жа зямлі, глядзелі ў гэтае ж неба, любілі гэтыя ж краявіды роднага краю, што і мы.

Нялёгкім быў лёс майго дзядулі Івана (1925 г.н.). У свае шаснаццаць я была бесклапотнай дзяўчынкай, а юныя гады майго дзеда забрала вайна. У чэрвені 1941-га яму было няпоўных шаснаццаць, і наперадзе чакала цікавае, насычанае падзеямі жыццё: вучоба ў педагагічным інстытуце, мара стаць настаўнікам… Аднак лёс вырашыў інакш.

З успамінаў маёй бабулі дзед Іван вельмі любіў вучыцца, скончыў сем класаў польскай школы ў вёсцы Галавачы, а ў 1940 г. паступіў у Гродзенскі настаўніцкі інстытут (аддзяленне беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры). На жаль, правучыўся ён усяго адзін год. Нямецка-фашысцкія захопнікі, якія акупавалі Гродна на наступны дзень пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны, знішчылі абсталяванне і вучэбныя кабінеты, у памяшканні інстытута арганізавалі шпіталь. 

Вучні польскай школы, в. Галавачы, 1939 г.

Падчас вайны Іван Ліс дапамагаў скідзельскім камсамольцам-падпольшчыкам, падтрымліваў сувязь з партызанамі. 27 чэрвеня 1944 г., калі ў вёсцы Залясяны фашысты шукалі ўдзельнікаў партызанскага руху, васемнаццацігадовы Іван Ліс і шаснаццацігадовы Мікалай Быль былі забітыя. Пахаваны на могілках у в. Галавачы. Па словах маёй бабулі, роў, дзе хаваліся Іван і Мікалай, выдаў іх таварыш. Калі б не вясковы стараста (солтыс) – забілі б усю сям’ю.  Ён сказаў, што хлопцы не падтрымлівалі сувязь з партызанамі.

У сямейным архіве беражна захоўваюцца нешматлікія фотаздымкі дзядулі, яго асабовы нататнік з запісамі песень і казак. А я жыву за дваіх… Спрабую рэалізаваць мары двух рамантыкаў: шаснаццацігадовай дзяўчынкі Ані,  якая  скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, стала настаўніцай і шаснаццацігадовага Івана, які марыў пра тое ж…

Асабовы нататнік дзеда Івана

Пра трагічны лёс майго дзядулі я распавядаю і сваім сынам, і сваім вучням. Вучу не забываць месцы пахавання родных і памятаць гісторыю сваёй сям’і. Таму што памяць вечная, таксама як  падзяка і гонар…  

Наш святы абавязак – памятаць і быць шчаслівымі! Марыць, жыць, дыхаць на поўныя грудзі і цаніць кожны дзень, якога б не было без учынкаў, адвагі і самаадданасці нашых дзядоў!  

Ганна Дабрыян,  настаўніца беларускай мовы і літаратуры Путрышкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.