14 верасня Папа Францішак назначыў арцыбіскупам Мітрапалітам Минска-Магілёўскім Юзафа Станеўскага. Святар наш зямляк. Ён нарадзіўся ў Занявічах Гродзенскага раёна. А некалькі год таму быў госцем “Перспектывы”. Рэдакцыя вырашыла ўспомніць некаторыя з выказванняў Юзафа Станеўскага.
Пра сям’ю
– Я прыйшоў на свет у вялікай сям’і. Брат Тадэвуш старэйшы за мяне на 11 год, сятра Крысціна – на 7, другая сястра, Гелена, – на шэсць. Колькі сябе памятаю, іх увага была звернута на мяне. Яны вялі мяне за руку, калі рабіў першыя крокі, уводзілі ў жыццё. Я меў магчымасць назіраць, як яны да бацькоў адносяцца. Памятаю, як тата Рамуальд Аляксандравіч, мама Гелена Вацлаваўна, сёстры і брат станавіліся на калені кожны вечар на супольную малітву. Я быў малы, мяне не абавязвалі, але і я станавіўся. У сям’і панавала атмасфера любові, паразумення, пасцігаў навуку дапамагаць адзін аднаму. Ніколі старэйшыя ў сям’і не сварыліся. Штодзённая малітва кожнага з нас мела адлюстраванне і ў жыцці. Перадавалася тое, што перад Богам усе аднолькавыя, шанаванне да старэйшых, малодшых…
Пра школьныя гады
Я скончыў тры класы ў пачатковай школе ў Занявічах. Калі потым яе закрылі, нас перавялі ў Луцкаўляны. Было трохі нязручна, пакуль перастроіліся. Бо ў Луцкаўлянах навучанне было на беларускай мове, а ў Занявічах – на рускай. Калектыў настаўнікаў быў добры. Маім любімым прадметам была беларуская літаратура. “Завеі снежань”, “Подых навальніцы”, “Людзі на Балоце”... Іван Мележ, Іван Шамякін, Якуб Колас, Янка Купала. Марыя Аляксандраўна Юдо выкладала ад сэрца, з цеплынёй.
Пра жыццё і працу на сяле
– Жыццё на вёсцы – гэта праца, абавязкі. Шмат часу на гульні ці забавы не было. Але гэта нас не таміла. Хаця і ў футбол гулялі – на лузе, і ў хакей – на рэчцы. На інструментах музычных не іграў. Але калі пры касцёле служыў святыя імшы, то псалмы ў літургіі спяваў. Пасля школы я працаваў у калгасе імя Пятра Іосіфавіча Дзеньшчыкова. На машыне ездзіў. Праз тры гады кіраваў камбайнам. Не было першых месц. Але, як сёння памятаю, 370 тон зерня сабраў на “Ніве”. Мне прыносіла вельмі многа радасці, калі бачыў вынікі сваёй працы. Асабліва як пшаніца добра сыплецца ў бункер па шнэку. Прыгожа. Былі намеры працаваць у калгасе і далей. Але Бог павёў…
Дарога да Бога
– Напэўна, мая дарога да Бога распачалася ва ўлонні мамы і яшчэ раней. Вера з пакалення ў пакаленне перадавалася. І яна ўзмацнялася, бо больш пазнавалася. Перад тым, як мама ўзяла мяне да касцёла (было, можа, мне тры гады), патлумачыла, як трэба сябе паводзіць. Нельга плачам і крыкамі парушаць супакой, бо людзі прыходзяць маліцца. А калі ў нашу парафію прыехаў ксёндз Казімір Жыліс, ён заахвоціў служыць да імшы, быць міністрантамі. Аднойчы ксёндз ішоў праз касцёл, узяў мяне за руку і яшчэ аднаго хлопца і павёў да алтара. І мы пачалі служыць. Мне тады было чатырнаццаць гадоў. Чыталі чытанне, літургію слова. Потым псалмы спявалі, другія абавязкі выконвалі. Мне падабалася. Гэта бачыў і ксёндз Жыліс. І аднойчы ён пацікавіўся, ці думаю я пра святарства. Я запытаў, ці я, просты хлопец, магу быць святаром. И ён распавёў пра семінарыю. На жаль, калі закончыў школу ў 1986 годзе, у Гродне семінарыі не было. Трэба было ехаць у Рыгу. Але я хацеў пайсці ў армію. Гэта абавязак, кожны мужчына павінен абараняць сваю Радзіму. Адслужыў два гады. І не шкадую. Бо там пазнаў вельмі многа нацыянальнасцяў, культур і рэлігій. Мне свет пашырыўся праз погляд людзей. Калі вярнуўся з арміі, цяжка сказаць, чаму адразу не пайшоў у Рыгу. Але бачу ў гэтым і Божую прадбачнасць, план наконт мяне. У 90-м годзе, калі адкрылася семінарыя ў Гродне, я быў адным з 40 хлопцаў, якія пераступілі яе парог. Для бацькоў то была радасць.
Пасля вучобы ў духоўнай семінарыі ў Гродне і пасвячэння працаваў год у Ваўкавыску вікарыем. А ў 96-м годзе біскуп выбраў мяня для вучобы ў каталіцкім універсітэце ў Любліне. Вучыў там кананічнае права. Каб затым працаваць у судзе касцёльным, які разглядае справы шлюбныя. Стаў суддзёй. Але і была дадзена адказнасць вучыць клерыкаў. Я першы выпускнік семінарыі, які пачаў у ёй выкладаць.
Пра веру
– Святы Павел казаў, што вера без учынкаў мёртвая. Пакажы свае ўчынкі, а я скажу пра тваю веру. Няма няверуючых людзей. Кожны ў штосьці верыць – у заўтрашні дзень, што будзе добрае надвор’е, у Бога як у збаўца, як у ставарыцеля, адкупіцеля. Калі чалавек верыць у існаванне Бога і ў тое, што ён да яго прамаўляе, што гаворыць, дзесяць Божых запаведзяў. Што трэба Бога любіць, шанаваць, трэба бацькоў шанаваць, нельга красці, забіваць, хлусіць, ашукваць, нагаворваць на другога. Неабходна таксама і маліцца, каб гэты кантакт з Богам быў.
Пра Цаліну Бажэньскую
– Яна жыла у Занявічах, хадзіла да касцёла. Была прылучана да ліку святых. І гэтая лучнасць пакаленняў, духоўнае яднанне вельмі важна. След чалавека застаецца на зямлі не толькі ў яго ўчынках, тым, што ён пабудаваў, пасадзіў, але і ў атмасферы намоленай. І ў маёй вёсцы, парафіі гэта адчуваецца. Яна ў нас невялікая, але больш за дзесяць святароў адсюль паходзяць. Не толькі тыя, што там нарадзіліся, але адтуль выйшлі, напрыклад, унукі.
Пра вёскі
– Калі езджу па вёсках, заклікаю жыхароў, каб у іх дамах ніколі не пагас агонь жыцця і веры. Каб не адно было дзіця, а трое, чацвёра. Каб хоць адзін з іх застаўся ў хаце. І звяртаюся да бабуль і дзядуль, каб не гаварылі маладым, што цяжка. З такой рэкламай не заахвоціш да жыцця на вёсцы. Прыедуць – скажыце ім праўду, што тут свежае паветра, вітаміны, што тут чалавек вольны, адчувае сябе гаспадаром, бо свая зямля. А калі гасне свет у хатах, прадаюць, развальваюць іх, сэрца крывёю абліваецца. Гавораць некаторыя дзеці: “Што вяртацца, там старая хата?” Бацькоўская хата ніколі старой не будзе. Гэта тое месца, куды заўсёды будзеш вяртацца ў думках, бо там былі першыя словы, крокі, магчыма, першая каханне...














