2 сакавіка Герою Сацыялістычнай Працы Генадзю Ткачуку з вёскі Гліняны споўнілася 80 гадоў.
Павішаваць Генадзя Ільіча з юбілеем прыехалі старшыня Скідзельскага сельвыканкама Сяргей Сідаровіч, старшыня пярвічнай пра-фсаюзнай арганізацыі фі-ліяла “Скідзельскі” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” Марыя Барташэвіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Буднік, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Генрых Федасевіч. Ад такой нечаканай пашаны і павагі імяніннік нават разгубіўся.
Многа выпрабаванняў выпала на долю Генадзя Ткачука. Ён нарадзіўся ў вёсцы Вайкалы Шчучынскага раёна. У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны яго бацьку, які быў намеснікам старшыні райвыканкама, разам з іншымі савецкімі актывістамі расстралялі фашысцкія за-хопнікі. У маці на руках засталося трое малых дзяцей. Цяжкія часы прыйшлося тады перажыць іх сям’і.
Пасля вайны Генадзь скончыў Лядскую сямі-гадовую школу. Некалькі гадоў працаваў спачатку ў калгасе, быў вучнем сталяра на райпрамкамбінаце ў Скідзелі, затым вучыўся ў Мураванскім вучылішчы. Атрымаў спецыяльнасць трактарыста і па камсамольскай пуцёўцы адправіўся на пад’ём цалінных зямель у Казахстан, дзе прабыў адзінаццаць гадоў. Жылі спачатку ў палатках, у якіх было вельмі холадна: валасы прымярзалі да падушкі. Затым перасяліліся ў баракі.
Навокал – 53 тысячы гектараў некранутых зямель, з якіх сем з паловаю тысяч апрацоўвала брыгада механізатараў з трыццаці чалавек, у складзе якой працаваў і Генадзь Ткачук. У 1962 годзе ён быў прызначаны брыгадзірам трактарнай паляводчай брыгады ў саўгасе імя Цітова Цалінаградскай вобласці Дзяржавінскага раёна. Працаваў старанна і самааддана, за што быў узнагароджаны медалём “За асваенне цалінных зямель”.
Запомніўся 1967 год, калі атрымалі найбольшы ўраджай – 17 цэнтнераў хлеба з аднаго гектара. Гэтага збожжа, як кажа Генадзь Ільіч, магло б хапіць на ўвесь цяперашні Гродзенскі раён. Вось тады за дасягнутыя поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтоўцы збожжа Генадзь Ткачук атрымаў сваю самую высокую ўзнагароду – званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем медаля Залатая Зорка і ордэна Леніна.
Яго жонкай стала дзяўчына Чэся з вёскі Еўлашы, што таксама ў Шчучынскім раёне. Спачатку яна заставалася з сынам у вёсцы, а пасля муж забраў іх да сябе. Тут у іх нарадзілася дачка. Туды ж пераехаў і брат Генадзя Ільіча, а затым і іх маці.
Некаторы час працаваў слесарам-наладчыкам, загадчыкам вытворчага ўчас-тка, намеснікам дырэктара саўгаса па гаспадарчай частцы. Суровы клімат з вялікімі марозамі і моцнымі вятрамі, снежныя завеі – усё гэта прыходзілася вытрымаць. Але самым страшным было сустрэць снежны буран дзесьці ў дарозе. Вецер узнімаўся такой сілы, што ўтрымацца на нагах было немагчыма. Генадзь Ільіч успамінае, як узімку 1969 года на трактары “Кіравец” адправіліся за прадуктамі харчавання да бліжэйшага горада, які знаходзіўся ў сарака кіламетрах. Гэтую адлегласць прыйшлося пераадольваць дзесяць дзён. Па дарозе ў снезе бачылі замерзлых людзей, сярод якіх нават былі і дзеці. Не ўсе вытрымлівалі такія прыродныя ўмовы – некаторыя пачалі вяртацца на сваю радзіму. Як распавядае Часлава Валяр’янаўна, жонка Генадзя Ільіча, на пачатку сямідзясятых гадоў умовы жыцця палепшыліся: сем’і ўжо жылі ў асобных доміках, у пасёлку былі хлебапякарня, сталовая, лазня.
Але цягнула на радзіму – і ў 1968 годзе яны прыехалі ў Беларусь. На той час у Скідзелі жыла сястра Генадзя Ільіча, якая і дапамагла ўладкавацца на новым месцы. У вёсцы Гліняны, што за некалькі кіламетраў ад Скідзеля, купілі зруб хаты. Дабудоўвалі і даводзілі яго да ладу самі. Займаўся ўладкаваннем жылля ў вольны ад працы ў калгасе час. Такія моманты выпадалі рэдка: работа механізатара не мае перапынкаў. У час жніва перасаджваўся на камбайн. Усё рабіў якасна і ў тэрмін. Яго старанне і адказнасць не засталіся незаўважанымі
– Генадзь Ткачук заслужыў шмат дзяржаўных узнагародаў.
Пасля выхаду на пенсію пяць гадоў працаваў сле-сарам-рамонтнікам у май-стэрні. Яшчэ пару гадоў назад трымаў вялікую гаспадарку. Любіць апрацоўваць прысядзібны ўчастак на сваім Т-25, які атрымаў у якасці падарунка ад Міхаіла Камарца (на той час старшыні калгаса), за што яму вельмі ўдзячны.
Выгадавалі Ткачукі сына і дачку, маюць пяць унукаў і пяць праўнукаў. Усе яны часта збіраюцца ў вёсцы, каб дапамагчы бацькам і абавязкова паслухаць успаміны свайго знакамітага бацькі, дзеда і прадзеда.
Фота Інгі Ласмане.









