Пасля 9 мая, калі ў Беларусі, Расіі і многіх іншых краінах свету шырока адзначалася 70-годдзе Вялікай Перамогі, у сацыяльных сетках разгарнулася дыскусія. Абмяркоўвалася пытанне: што такое патрыятызм і які рэальны сэнс і напаўненне гэтага паняцця?

Пачатак дыскусіі палажыў пост адной журналісткі і пісьменніцы, якая якраз у Дзень Перамогі ехала аўтобусам з Мінска ў Маладзечна. Жанчына заўважыла, што каля мемарыяльнага комплексу «Лінія Сталіна» – дзе, як вядома, баёў як такіх не вялося, ён з’яўляецца ўсяго толькі ваенна-гістарычным музеем, на тэрыторыі якога максімальна дакладна адноўлены ўмацаванні і прадстаўлены тэхніка і зброя мінулай вайны – было шматлюдна, кветкава, прыгожа і ўрачыста…

А крыху далей, каля Радашковічаў, знаходзіцца помнік Мікалаю Гастэлу, які ў першыя дні вайны здзейсніў таран, накіраваўшы падбіты палаючы самалёт на калону нямецкай тэхнікі (па некаторых звестках, гэты подзвіг здзейсніў іншы лётчык – Аляксандр Маслаў, але бясспрэчным застаецца тое, што гэты таран і гібель Гастэлы каля Радашковічаў сапраўды мелі месца быць, і ў гонар яго ўстаноўлены там помнік). Дык вось, у дзень, калі ўся краіна адзначала 70-годдзе Вялікай Перамогі, каля яго не было ні людзей, ні кветак – не ўвайшоў ён, па ўсім відаць, у праграму афіцыйнага святкавання… І гэта падштурхнула наведвальнікаў сацыяльных сетак да дыскусіі аб тым, што ёсць патрыятызм – сапраўдны і «дзеля галачкі», па «разнарадцы»…

З нагоды ўспомнілася, як святкавалі Дзень беларускага пісьменства і друку ў Смаргоні. Ён праходзіў пад знакам слыннага сына гэтай зямлі Францішка Багушэвіча, які даваў усім нам наказ «не пакідаць жа мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі», у той дзень у горадзе яму адкрывалі прыгожы помнік. Але не знайшлося нікога, хто б наведаўся на яго магілу, што ўсяго ў некалькіх дзясятках кіламетраў па асфальтавай трасе, у вёсцы Жупраны – запаліў свечку, палажыў кветкі, проста моўчкі пастаяў і сказаў «дзякуй»… Мо таму, што тая вёска – ужо ў Ашмянскім раёне, які да смаргонскага свята дачынення не мае?

Усё гэта ўзгадалася, калі адшумелі ўрачыстасці з нагоды Дня Перамогі, якім прысвячалася ўсё, што праводзілася і што часам не мела аніякага дачынення да вайны і перамогі. І надышла іншая дата – не такая ўрачыстая, жалобная: 22 чэрвеня, дзень пачатку вайны. Не юбілейны – чамусьці мы маем звычку «шумець» менавіта з нагоды юбілеяў. Дзень, калі людзі гінулі, не паспеўшы зразумець, што адбываецца… Калі з вінтоўкамі кідаліся на танкі… Гарэлі ў фанерных самалёціках, спрабуючы пры гэтым падпаліць нямецкія машыны… Дзень, які палажыў пачатак чатыром доўгім гадам пакут, выпрабаванняў, змагання, крыві, смерці, страт… Праходзіць ён не так грандыёзна, як Дзень Перамогі – зрэшты, гэта і зразумела: што ўжо там святкаваць…

Але гэты дзень – самая нагода, каб успомніць тых, хто загінуў на вайне. І таму вось ужо шмат гадоў 22 чэрвеня ў чатыры гадзіны раніцы – у час, калі пачалася вайна, да помніка воінам-вызваліцелям у Астраўцы прыходзяць настаяцель праваслаўнай царквы святых апосталаў Пятра і Паўла айцец Георгій і найбольш адданыя прыхажане, каб адслужыць ліцію за спачын душ усіх загінуўшых падчас Другой сусветнай вайны. Герояў і тых, хто не паспеў ці не здолеў імі стаць. Салдат і партызан. Мірных жыхароў і ваеннапалонных. Мужчын і жанчын. Старых і дзяцей. Пахаваных у брацкіх магілах і тых, чые магілы невядомыя. За тых, хто памёр пасля вайны, і тых, хто сустрэў смерць у першыя дні вайны. Тых, хто нарадзіўся ў гэтых мясцінах і хто ніколі не чуў такога слова «Астравец». За майго дзядзьку Мішу, які дваццацігадовым загінуў ў партызанскім атрадзе Каўпака ў Карпатах – і ніхто не ведае, дзе яго магіла. За дзеда Мікалая, які ваяваў, але памёр шмат пазней. За маіх 160 аднавяскоўцаў, якіх немцы расстралялі 22 мая 1943 года на ўскрайку імі ж выкапанай брацкай магілы – цэлымі сем’ямі: старых, бацькоў, немаўлят…

За ўсіх, для каго 22 чэрвеня стала падзелам жыцця на «да» і «пасля»…

…І гэтыя словы малітвы, што кожны год на золку прамаўляюцца каля бетоннага помніка загінуўшым пад акампанемент шматгалосага птушынага хору нешматлікімі астраўчанамі, што свядома, без загадаў і «разнарадак», вырваліся з самага салодкага ранішняга сну, каб успомніць загінуўшых на вайне, на мой погляд, сведчаць пра патрыятызм шмат больш, чым усе бравурныя маршы. І выхоўваюць яго лепш, чым усе нашы шматлікія і разнастайныя «мерапрыемствы».