Прозвішча Віктара Іванавіча сугучна з назвай гаспадаркі, якую ён узначальвае. Выпадкова гэта ці не, але сёння ВВ СВК «Путрышкі» моцна стаіць на нагах, што, як і круглая дата кіраўніка, з’яўляецца таксама важкай падставай, каб паразмаўляць са старшынёй.

– Вiктар Iванавiч, напярэдаднi 60-годдзя, пэўна, успамiнаеце, як прыйшлi на пасаду старшынi СВК «Путрышкі» i якую атрымалi спадчыну…

– Працую ў гаспадарцы з 1995-га, 14 гадоў быў на пасадзе намеснiка кiраўнiка… У 2010-м заняў пост старшыні. Няма жадання каго-небудзь крытыкаваць, бо сам меў і маю непасрэднае дачыненне да дзейнасцi СВК. Але спадчына дасталася, шчыра кажучы, не вельмi добрая. Добра, што ўсё папраўна ў жыццi, i на свайго папярэднiка не скарджуся, тым больш, што разам працавалi столькi гадоў.

– Былi даўгі?

– Так, але зараз цi трэба iх афішаваць. Што было, тое было. Як добрыя гаспадары, мы павiнны глядзець у будучыню. Цяпер даўгоў не маем.

– Якiмі былi Вашы першыя крокi на пасадзе старшынi?

– Працягваў стратэгію і тактыку, якіх прытрымліваўся на пасадзе намесніка. Трохі ўмацаваў дысцыпліну, замяніў частку спецыялістаў – адсоткаў 50, асабліва ў зоаветэрынарнай службе. Зараз там працуе 20 чалавек, з былых засталося 4-5 спецыялістаў. Што яшчэ? Заняўся будаўніцтвам жылля, рэканструкцыяй фермаў.

– Чаму адбыліся такія змены ў кадрах?

– Прычын было шмат. Перш за ўсё яны не задавальнялі мяне сваёй працай і агульным узроўнем развіцця. Хтосьці пайшоў на пенсію, змяніў месца жыхарства. Цяпер усё нармальна: галоўныя спецыялісты і загадчыкі фермаў маюць высокі прафесійны ўзровень і адпаведную адукацыю. Кадры браў у асноўным з аграрнага ўніверсітэта, аддаваў перавагу маладым і зацікаўленым. Тым больш, сам выкладаю ў ГДАУ – бачыў, хто і чаго варты. Потым у гаспадарцы яны праходзілі «курс маладога байца», і практычна ўсе засталіся, зараз працуюць на розных пасадах.

– Жывуць яны ў Путрышках?

– Амаль усе. За невялікім выключэннем з ліку тых, каго ўзяў у апошні час і хто мае месца ў гарадскім інтэрнаце. У цэлым, за апошнія сем гадоў мы пабудавалі каля 40 кватэр. Таму чаргі на атрыманне жылля ў нас практычна няма – лічаныя людзі з ліку спецыялістаў і механізатараў пакуль яшчэ жывуць у інтэрнаце.

– Віктар Іванавіч, што выкладаеце ў аграрным універсітэце і як самі ацэньваеце прафесійны ўзровень выпускнікоў, якія потым прыходзяць у гаспадаркі?

– Выкладаю эканоміку і арганізацыю сельгасвытворчасці. Каб забяспечыць краіну кваліфікаванымі кадрамі, на мой погляд, нам не трэба 54 вышэйшыя навучальныя ўстановы. Лічу, хапіла б 15-20. І тыя, хто ішлі б потым працаваць у сельскую гаспадарку, відавочна, мелі б больш высокую эрудыцыю і інтэлект. Чаму? Набор студэнтаў ідзе зараз па астаткавым прынцыпе. Некаторыя з тых, хто вучыцца ва ўніверсітэце, гадоў дваццаць таму сядзелі б на занятках у прафесійна-тэхнічным вучылішчы.

– Ці ёсць дэфіцыт кадраў у гаспадарцы?

– Дэфіцыту няма абсалютна, і нават у асенне-зімовы перыяд пенсіянераў, якія працуюць у СВК, па чарзе на два месяцы адпраўляем у адпачынак за свой кошт. Мяркую, у сітуацыі, якая склалася, гэта добрае рашэнне: работнікі не адыходзяць на пенсію цалкам, “падцягваем” дысцыпліну і абыходзімся меншай колькасцю людскіх рэсурсаў. Зараз у гаспадарцы працуе каля 265 чалавек.

– Якія навучальныя ўстановы вы скончылі?

– Шмат чаго скончыў! (Смяецца). У 1982 годзе – агранамічны факультэт, быў старшынёй прафкама аграфака. Дарэчы, за ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта атрымліваў імянную прафсаюзную стыпендыю – 80 рублёў у савецкіх грошах... Вучыўся ў Інстытуце паліталогіі сацыяльна-эканамічнага ўпраўлення Кампартыі Беларусі. Пасля заканчэння паступіў у аспірантуру Беларускага навукова-даследчага інстытута эканомікі і інфармацыі аграпрамысловага комплекса, скончыўшы якую, у хуткім часе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Зараз – дацэнт, кандыдат эканамічных навук, маю навуковыя артыкулы.

– Як самі ацэньваеце зробленае на пасадзе старшыні? Што сабе паставіце ў заслугу, а што пакуль не ўдалося?

– Ацэньваць і ставіць у заслугу павінны людзі, з якімі працуеш. А што хацелася б яшчэ зрабіць? Мець больш высокую ўраджайнасць – цэнтнераў 90 збожжа з гектара, больш даіць малака. Напрыклад,
8 000 кілаграмаў на карову ў год. Зараз мы надойваем каля 7 130 кг. Было б добра атрымліваць цэнтнераў 900 цукровых буракоў. У тым годзе рэнтабельнасць сельгасвытворчасці ў нас была 27 адсоткаў, а трэба імкнуцца да 40%. Нам ёсць куды рухацца і ў якім кірунку развівацца.

– Ці плануеце асвойваць нейкія новыя напрамкі?

– Не, гэта выключана. Сельская гаспадарка павінна займацца сельскай гаспадаркай. Трэба рабіць тое, што ўмеем, дасягнуць тых паказчыкаў, якія называў. Сёння ў кашальку гаспадаркі ёсць грошы, дзякуючы добраму парку механізацыі, развіццю земляробства, вытворчасці буракоў і, асабліва, малаку. У тым годзе рэнтабельнасць яго была 54,5 адсоткаў. Фермы ўсе рэканструяваны, абсталяваны пад самыя новыя тэхналогіі – 90% малака ідзе класам «Экстра». Зараз актыўна займаемся садам – устаноўлены халадзільнікі, замацоўваем маладыя яблыні на шпалеры. Гэта таксама прынясе прыбытак. А рознага роду авантуры – гэта рызыка, якая далёка не заўсёды апраўдана.

– Ваша гаспадарка размешчана блізка ля горада. Якую надзвычайную перавагу гэта дае?

– Перавагу? Гэта яшчэ з якога боку паглядзець. Калі раней у горадзе былі працоўныя месцы і прывабныя заробкі, то гэта для нас было не вельмі добра. Чаму? Асноўная сіла ў сельскай гаспадарцы – механізатары. Калі яны ёсць, і тэхніка ў парадку, то гаспадарка будзе працаваць. Калі ж у горадзе заробкі былі вышэйшыя і ўмовы лепшыя, то механізатары, адпрацаваўшы 3-5 гадоў, уладкоўваліся на гарадскія прадпрыемствы і арганізацыі. Цяпер такога няма, у горадзе цяжка знайсці працу, і механізатары, а таксама іншыя спецыялісты, шануюць тое, што маюць.

– На каго можаце разлічваць у жыцці?

– Сам на сябе! І, вядома, на сям’ю – жонку, дзяцей. Наогул, сям’я павінна быць надзейным тылам. Ну, і сябры, калегі, вядома.

– Віктар Іванавіч, што хацелі б самі сабе пажадаць напярэдадні 60-годдзя?

– Каб мне было 50 гадоў і не падводзіла здароўе. І каб людзі лепей жылі. Лічу, што ў нашым раёне дастаткова моцная сельская гаспадарка, але за гэтым стаіць самаадданая праца аграномаў, жывёлаводаў, механізатараў, даярак. І калі мы называем лічбы (колькасць цэнтнераў з гектара, атрыманыя тоны малака), кажам аб прыбытку або гаворым пра заробкі на вёсцы, трэба заўсёды памятаць пра гэта.

– Поспехаў Вам! Няхай Вашы жаданні збываюцца!