Нашы продкi шмат увагi звярталi на розныя прыкметы, па якiх вызначалi надвор’е. Падрабязней пра гэта расказаў кандыдат філалагічных навук, дацэнт ГрДУ імя Я. Купалы, фалькларыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Руслан КАЗЛОЎСКI.
– Па якiх прыкметах раней вызначалі надвор’е на бліжэйшы час і некалькі месяцаў наперад?
– Нашыя продкі заўсёды цікавіліся надвор’ем, звярталі ўвагу на самыя разнастайныя прыкметы, – расказвае Руслан Канстанцінавіч. – У старажытных беларусаў было зусім іншае ўяўленне пра добрае і дрэннае надвор’е, чым у сучасных людзей. Напрыклад, вельмі важна, каб зімою былі мароз і снег, бо калі прыйдзе сцюжа і снега не будзе, зямля прамерзне і азімыя загінуць. Нездарма казалі: «Многа снегу – многа хлеба». У летнюю пару дрэнным лічылася спякотнае надвор’е без дажджоў, інакш у выніку засухі не будзе ўраджаю. Пры гэтым навальніца павінна была быць без маланак. У ранейшыя часы маланкі былі прычынай шматлікіх пажараў хат і нават стагоў саломы. Ідэальнае надвор’е летам: шматлікія сонечныя дні з невялікімі перыядамі дажджоў, каб зямля глыбока прамокла.
На год наперад рабілі прадказанні, як правіла, на вялікія святы. Напрыклад, на Каляды: калі неба яснае і зорнае ў калядную ноч, то будзе «з дажджочкамі» канец лета і ў лесе можна будзе назбіраць шмат ягад і грыбоў.
Цёплы май прадказваў спрыяльнае для селяніна надвор’е летам і багаты ўраджай – лета будзе цёплае і дастаткова вільготнае. У народзе казалі: «Калі ўвесну будзе дождж ліць ракой, то ўлетку не ўбачыш кроплі, але вось восенню хадзі з вядром і чэрпай». Вялікая ўвага надавалася першым грымотам: калі іх няма, а бліскае толькі маланка, лета будзе амаль без дажджоў.
Калі на Купальскія святы яснае сонечнае надвор’е, то будзе вельмі цёплы верасень, а восеньскае надвор’е з прахалодай і дажджамі з’явіцца толькі ў кастрычніку. На Купалле з’яўленне на небе «перуновага мастка» (вясёлкі) прадказвала пачатак перыяду працяглых дажджоў.
– На птушак і жывёл, іх паводзіны нашы продкі таксама звряталі ўвагу?
– Так. Існавалі шматлікія прыкметы. Напрыклад: птушкі зграямі ляцяць – вельмі цёплую і радасную вясну чакаць, рана прыляцелі журавы – наступіць рана вясна, рана прылятаюць жаўрукі – будзе цёплая і вільготная вясна. У народзе таксама казалі: «Спяваюць жабы і хутка змаўкаюць – да моцных пераменаў у надвор’і». Гэта значыць, наступіць хуткае пахаладанне ці пацяпленне. Вавёрка робіць вялікія запасы толькі на халодную працяглую зіму. Прадказвалі надвор’е і на заўтра: моцна і працягла спяваюць жабы – чакайце дождж.
– З чым была звязана патрэба ведаць тое, якiм будзе надвор’е? Цi толькi з працай у полi?
– Патрэба ведаць стан надвор’я на наступныя дні дыктавалася менавіта гаспадарчымі справамі, бо ад надвор’я залежалі ўраджай, выкананне плануемых прац у гаспадарцы і ў пэўнай ступені прыплод у жывёлы і здароўе людзей. I cёння вясковыя жыхары прыкметам на надвор’е надаюць шмат увагі. І не толькі з-за таго, што прагноз можа быць недакладны, але і па старой звычцы, паводле традыцыі. Асабліва гэта характэрна людзям сталага ўзросту.
– Асабіста вы ў паўсядзённым жыцці звяртаеце ўвагу на народныя прыкметы, якія звязаны з надвор’ем?
– Як гарадскі жыхар я не часта назіраю за надвор’ем, бо для мяне яно мае адноснае значэнне. Але прыкметам давяраю. Напрыклад: нізка лётаюць ластаўкі – да надыходу навальніцы, а калі летам раніцай моцная раса і туман – дзень будзе сухім і гарачым, а вось калі раса не прасыхае – да навальніцы.
– Ці адрозніваюцца прыкметы ў розных месцах краіны?
– У кожным регіёне Беларусі ёсць свой масіў прыкмет на надвор’е, адрозны ад іншых мясцовасцей. Гэта звязана з некаторымі кліматычнымі асаблівасцямі канкрэтнай тэрыторыі і нават народнымі традыцыямі. У ваколіцах Гродна спрадвеку звярталі ўвагу на наступнае: мошкі і камары ўвечар уюцца слупом – да добрага надвор'я, камары кусаюць увесь дзень – да працяглага дажджу, вераб'і купаюцца ў пыле – быць дажджу, а зімой, калі кошка згарнулася клубком, да марозу.

















