Як варажылі на Каляды нашы продкі, мы папрасілі расказаць кандыдата філалагічных навук, дацэнта ГрДУ імя Я. Купалы, фалькларыста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Руслана КАЗЛОЎСКАГА.
 
– Скажыце, калі прыйшоў да нас звычай варажбы на Каляды?
 
– Гэты звычай прыйшоў са старажытных дахрысціянскіх часоў, што было выклікана жаданнем ведаць будучыя падзеі і засцерагчыся бедаў, хвароб і смерці. У хрысціянскія часы ў беларускай народнай культуры варажыць забаранялася, але было павер’е, што ў калядныя вечары Бог даруе гэты грэх. Найбольш спрыяльнымі для варажбы былі вечары і ночы на Каляды, Новы год і радзей на Вадохрышча. Важна было ўсе дзеянні правесці да першых пеўняў, інакш пасля азначанага часу нічога не будзе прадказвацца.
 
– Як варажылі нашы продкі?
 
– Яны назіралі за прыродай. Для простага селяніна ці жыхара горада, які мае свой агарод, важным было ведаць пра надвор’е ў наступным годзе, ураджай збажыны, колькасць грыбоў і ягад у лесе, пра здароўе ўласнае і сваякоў. Людзі назіралі ў навагоднюю ноч за надвор’ем і па ім меркавалі пра сельскагаспадарчыя падзеі ў будучыні, нават пра жыццё і смерць.
 
Вось некаторыя спосабы варажбы. Калі туман – будзе багаты ўраджай. Калі іней – будзе шмат саломы, але мала зерня. Калі сабакі завываюць – да шматлікіх смерцяў людзей ад хвароб і трагічных здарэнняў. Калі шмат зорак на небе (няма аблокаў), то будзе шмат грыбоў і ягад у лесе на новае лета.
 
– Напэўна, дзяўчаты варажылі і на суджанага?
 
– Так, дзяўчаты варажылі на свой жаночы лёс. Яны абдымалі плот і пасля лічылі колькасць штыкецін паміж рукамі: калі цотная колькасць, то дзяўчына выйдзе замуж у новым годзе. Таксама дзяўчаты кралі ў суседа ахапку дроваў і лічылі колькасць: калі цотная, то выйдзе замуж у новым годзе, калі няцотная – не.
 
Кідалі чаравік праз хату. У які бок пакажа наском, адтуль прыйдзе суджаны. Калі ж абутак зачэпіцца за штосьці, то дзяўчына замуж пакуль не выйдзе. Вядомы выпадкі, калі дзяўчаты заставаліся ў дзеўках пажыццёва, і аднавяскоўцы звязвалі такі факт з тым, што калісьці чаравік так і не ўпаў на зямлю.
 
– Маглі б яшчэ расказаць пра спосабы варажбы?
 
– Увечары дзяўчаты пяклі аладачкі, кожная пазначала нейкім чынам сваю. Клалі ў радок, пасля пускалі галоднага сабаку. Чыю ён схопіць хутчэй, тая першая і выйдзе замуж.
 
А яшчэ сяброўкі ставілі пад сакрэтам пад ложак тазік ці іншы посуд з вадой і клалі трэсачку альбо галінку праз яго, як масток. У сне хто дзяўчыну перавядзе цераз «масток», той будзе нарачоным.
 
Наступны спосаб варажбы. Дзяўчаты тапілі ў металічнай лыжцы воск са свечкі, а пасля вылівалі ў халодную ваду. Цень застылага злепку разглядалі на сцяне і па форме прадказвалі будучыню.
 
Дзяўчаты палілі скамечаную паперу, разглядалі абрысы ценю і таксама меркавалі пра будучыя падзеі.
 
Сяброўкі выкарыстоўвалі і такі спосаб варажбы. Доўгую жэрдку ставілі роўна ўверх: куды яна ўпадзе, у той бок і пойдзе дзяўчына замуж.
 
– Я чула, што варажылі раней і па куцці.
 
– Так. Варажылі і па першай лыжачцы багатай куцці. З кашай у роце трэба было выбегчы на двор і абабегчы хату раз альбо тры разы, не размаўляючы і ні на што не зважаючы, зазірнуць у акно: на тым месцы, дзе сядзела дзяўчына, якая варожыць, павінен знаходзіцца будучы жаніх, гэта значыць, будзе бачны яго вобраз.