11 студзеня 1943 г. атрад гітлераўцаў начале з лейтэнантам Эрыхам Партцыгам акружыў Бабіна. Усіх 49 жыхароў вёскі сагналі ў хату Казіміра Хохі. У той дзень былі расстраляны 11 чалавек, 12 накіраваны ў турму. Вёска Бабіна знаходзіцца за 40 км на ўсход ад горада Гродна на ўскраіне Гродзенскага раёна, на мяжы са Шчучынскім раёнам. Месца для паселішча абрана першажыхарамі невыпадкова. З усіх бакоў навакольная тэрыторыя акаймавана балотамі, вёска знаходзіцца як бы на паўвостраве, які злучаецца з асноўным масівам сушы невялікім, шырынёй каля 200 м, перашыйкам.
У 1939 г. паводле пакта Молатава – Рыбентропа Заходняя Беларусь падпала пад сферу ўплыву СССР і ўз’ядналася з БССР. Жыхары Бабіна будавалі мірнае жыццё, але час ад часу іх трывожылі звесткі, што можа пачацца вялікая вайна з Германіяй, якая выношвала захопніцкія планы на ўсход. Так, 20 чэрвеня 1941 года ў Бабіна з Віцебска прыехала пагасцяваць родная сястра Марыі Хохі (Марылі) Мальвіна Мухніцкая (муж яе Віктар у 1937 годзе быў рэпрэсаваны і расстраляны) са сваім адзінаццацігадовым сынам Арнольдам (Арыкам). Дык вось Мальвіна расказвала, што ў цягніку ехала з дзвюма жанчынамі, жонкамі афіцэраў, і яны пад сакрэтам сказалі, што вось-вось пачнецца вайна з Германіяй.
Праз двое сутак Мальвіна з сынам пайшлі ў Новую Руду зарэгістравацца ў сельсавеце. Па дарозе сустрэлі Марыю Хоху з Бабіна, якая працавала сакратаром сельсавета. Марыя сказала, каб вярталіся назад, бо сельсавет ужо не працуе. Немцы ў Гродне і хутка будуць тут. Мальвіна не змагла пасля гэтага вярнуцца ў Віцебск і ў часы нямецкай акупацыі жыла пры сястры (памерла ў 1943 годзе).
Прыйшоўшы дадому, Марыя расказала, што да яе ў сельсавет завітала некалькі чалавек, настроеных супраць савецкай улады (былі і такія), і запатрабавалі аддаць ключы і пакінуць памяшканне. А ў сельсавеце засталіся дакументы, паводле якіх у небяспецы маглі аказацца савецкія актывісты. Сама Марыя вярнуцца туды не магла, бо была ўпэўнена – не пусцяць, надта ж прыкметная асоба. І яна папрасіла сваю чатырнаццацігадовую сястру Галю, каб тая пайшла і вынесла дакументы. Дала запасны ключ, расказала, у якіх шуфлядах што ляжыць і што трэба забраць. Галя непрыкметна пранікла ў памяшканне сельсавета, знайшла тое, што трэба, і ўхітрылася схаваць не ў кішэнях, а ў самых патаемных месцах. Калі выходзіла, на ганку яе сустрэлі, пачалі абшукваць, але распранаць не сталі. Такім чынам удалося вынесці тое, што магло стаць кампраматам, які пагражаў жыццю людзей.
На трэці дзень вайны немцы ўжо былі ў Новай Рудзе, на чацвёрты – наведаліся ў Бабіна. Прыехалі на двух матацыклах.
«Яны без усякага сораму і страху распрануліся каля калодзежа Івана Шведа, памыліся, загаралі, – успамінае Міхаіл Хоха (тады яму было 10 гадоў).– Адзін напалохаў нас, дзяцей, бо пайшоў да нас на руках нагамі ўгору. Відаць, быў спартсмен. Пасля запатрабавалі: «Матка – яйкі». Ім прынеслі сырыя яйкі. Яны тут жа іх выпілі, пазагаралі з паўгадзіны і паехалі».
Праз колькі часу немцы зноў наведаліся, але паводзілі сябе менш «культурна». Успамінае Вера Сцёпіна, у той час 9-гадовая дзяўчынка:
– Помню, як праз тыдняў 2-3 зноў з’явіліся немцы. Яны прыехалі на матацыклах. Сталі бегаць па вёсцы, лавіць і забіваць курэй, у хатах забіралі ежу. Пачуўшы чужую мову, стрэлы, мы, дзеці, спалохаліся, схаваліся пад ложак і там сядзелі, пакуль фашысты не пакінулі вёску... У нашай вёсцы многія вырошчвалі клубніцы. Немцы прымушалі ўсіх жанчын і дзяцей збіраць для іх ягады. Стаялі побач з аўтаматамі і не дазвалялі з’есці ніводнай ягады, а сабранае забіралі.
На самым пачатку вайны ў лясах хавалася шмат савецкіх салдат-акружэнцаў, якія шукалі магчымасць выйсці з акружэння і прарвацца праз лінію фронту да сваіх.
«І вось аднойчы вельмі спякотным ліпеньскім днём, – успамінае Вера Аляксееўна, – мы ўбачылі, як па дарозе да нашай вёскі падыходзяць нашы чырвонаармейцы: пешыя, на конях, з абозам. Іх многа-многа. Твары чорныя ад пылу, патрэсканыя вусны, усе ў касках, у абозе – раненыя. Убачыўшы калодзеж у нашым двары, пешыя рвануліся да яго. Пачалася даўка. І раптам у небе над вёскай закружыўся фашысцкі самалёт. Да гэтага ашалелага ад смагі натоўпу салдат падскочыў на кані камандзір. Ён стаў моцна крычаць, каб усе неадкладна сыходзілі ў лес, у сховішча, інакш зараз паявяццца нямецкія бамбардзіроўшчыкі і загубяць не толькі сябе, але і жыхароў вёскі. Але не ўсе падпарадкаваліся загаду адразу, тады ён выхапіў дубец ці нагайку і пачаў збіваць гэтых няшчасных. Я з болем глядзела на ўсё гэта, з плачам і крыкам кінулася да мамы. Яна стаяла як скамянелая, строга сказаўшы два словы: «Так трэба!» А самалёт-разведчык праз хвілін 30 зноў вярнуўся, зрабіў некалькі кругоў і паляцеў. Салдат у вёсцы не было, яны ўсе пайшлі ў лес. Пасля нам патлумачылі, што гэта цэлы полк прарываўся да лініі фронту. Праз гадзіну я даведалася, што мой тата па просьбе камандзіра стаў правадніком. Ён завёў чырвонаармейцаў у глыб лесу да возера, дзе ўсе змаглі напіцца і напаіць коней, зварыць абед і накарміць байцоў і параненых. А мама і іншыя жанчыны сабралі яйкі, малако, хлеб, усё, што засталося пасля рабавання немцаў, аднеслі і аддалі для раненых. Мне невядома, ці выйшаў гэты полк з акружэння, але мы пасля ў лесе знаходзілі процівагазы і іншы вайсковы рыштунак. І цяпер мы па-сапраўднаму сталі разумець, што вайна – гэта штосьці страшнае».
На акупаванай тэрыторыі немцы пачалі ўстанаўліваць «орднунг» – парадак. Адной з першачарговых задач было выяўленне і нейтралізацыя тых, хто служыў ці спачуваў савецкай уладзе. Хоха Марыя Кузьмінічна, былы сакратар Наварудскага сельсавета, адчувала, што яе пасада не будзе па-за ўвагай немцаў, рана ці позна яны прыйдуць па яе душу. Даводзілася хавацца. Бацька зрабіў схованку ў лесе, куды яна хадзіла начаваць. Кепскія прадчуванні ў хуткім часе спраўдзіліся. Прыкладна праз тыдзень ад пачатку вайны завіталі немцы. Мая маці, Галіна Кузьмінічна (тая, што вынесла з сельсавета дакументы), успамінала, што немцы зайшлі ў хату. Загадалі ўсім сядзець, нікуды не выходзіць. Сястра Марыя якраз тады была дома. Пачалі рабіць вобыск. Перапаролі, ператрэслі ўсё ўсюды, дзе толькі можна: ў шафах, пад бэлькамі, на гарышчы, у адрыне, у хлявах. Відаць, найперш іх цікавілі сельсаветаўскія паперы. Ці знайшлі яны што-небудзь, маці не памятае. Марыі сказалі збірацца. Яе завезлі ў мястэчка Парэчча ў жандармерыю. Там дапытвалі, білі. Бацька Марыі, родныя, суседзі моцна хваляваліся, не сумняваліся, што загубяць фашысты дзяўчыну. Трэба паспрабаваць нешта зрабіць, каб вызваліць яе з бяды. Знайсці выйсце прапанавала суседка цётка Надзя, жанчына мудрая і набожная. Яна ведала, што наварудскі ксёндз Казімеж Грабоўскі спагадлівы да людзей, карыстаецца даверам і ў немцаў, да яго думкі яны прыслухоўваюцца. А што калі падысці да яго і папрасіць, каб ён нейкім чынам заступіўся за Марыю. Сабралі калектыўна хабар для нямецкага начальства і адправілі Надзю да ксяндза. Ён выслухаў просьбу і падрадзіўся дапамагчы. Спецыяльна паехаў у Парэчча да начальніка жандармерыі. І вельмі своечасова, праз дзень было б ужо позна: якраз Марыю збіраліся некуды весці, магчыма, на расстрэл. Прынятыя захады далі плён. Ксяндзу ўдалося ўзяць на парукі Марыю, яе адпусцілі з умовай, што кожны тыдзень яна будзе прыходзіць у камендатуру мальдавацца (адзначацца). Ксёндз Казімеж Грабоўскі дапамог многім людзям, але пазней і сам паплаціўся за гэта, быў знішчаны немцамі. У Новай Рудзе каля касцёла пастаўлены яму помнік.
Пряцяг будзе.










