Жыццё паселішчаў у нечым нагадвае жыццё чалавека: яны нараджаюцца, сталеюць, уваходзяць у пару росквіту – і паміраюць. У іх, як і ў людзей, лёсы розныя: нехта пасяліўся на скрыжаваннях шляхоў, на ўраджайных землях, у багатых лясах – і пацягнуліся да яго вандроўнікі, купцы, грошы, і сталі невялікія вёсачкі буйнымі гарадамі. А ў некаторых лёс, як кажуць, як зрання – так і да змяркання…
Адкуль ёсць пайшла
Вёсцы Уласы Хойніцкага раёна – а першы пісьмовы ўспамін яе знойдзены ў люстрацыі Вялікага княства Літоўскага ад 26 чэрвеня 1600 года – лёс шчаслівай долі не абяцаў з самага пачатку. Заснавана вёска была, хутчэй за ўсё, аседлымі качэўнікамі, якія прыйшлі сюды з тэрыторыі сучаснай Заходняй Украіны яшчэ ў XII стагоддзі. Пра гэта сведчыць назва вёскі, якая, па меркаванні Андрэя Яскевіча (ён шмат працуе ў архівах, дапамагаючы землякам аднаўляць гісторыю сваіх паселішчаў і радоў), пайшла ад цюркскага слова «улусы» – лагер качэўнікаў.
Жыхарам вёскі «не свяціла» быць багатымі ні пры якой уладзе ўжо хоць бы таму, што яе першапачынальнікі месца для пасялення выбралі не самае лепшае: зямля – пясочак, рэчка далекавата, замест бору – рэдкія пералескі… Не разжывешся з такім пасагам! Таму ўсё жыццё жыхары Уласоў працавалі многа і цяжка, а жылі ў большасці сваёй бедна.
Асноўныя прозвішчы ўласоўцаў – Дылянок і Міхедзенка (я, дарэчы, з апошніх): у 1795 годзе з 13 двароў, што налічвалася ў вёсцы, у адзінаццаці жылі Дылянкі і ў двух – Міхедзенкі. Пазней з’явіліся Панчанкі, Фешчанкі, Каваленкі – гэта, як і спробы запісаць гісторыі жыхароў вёскі, дазваляе зрабіць выснову, што практычна ўсе ў вёсцы ў той ці іншай ступені з’яўляліся раднёй адзін аднаму. Прозвішча Дылянок, па меркаванні таго ж Андрэя Яскевіча, пайшло ад Дзелянок – дзялянкі. А Міхедзенка – ад МЕХАдзенька: продак, на думку даследчыка, хутчэй за ўсё быў звязаны са здабычай ці продажам меху – скур дзікіх жывёл.
Найбольшая колькасць жыхароў – 432 чалавекі (120 двароў) – ва Уласах у 1940 годзе.
Невялікая, нічым асаблівым не адметная вёсачка Уласы… Але ў яе гісторыі і лёсах яе жыхароў, як у кроплі салёнай вады, што нясе ў сабе ўсе ўласцівасці мора ці акіяна, адкуль яе зачэрпнулі, адлюстравалася гісторыя вялікай краіны.
Кашэль бульбы
У Майсея і Аксінні было сямёра дзяцей. Хата – два вялікія пакоі, а паміж імі – сенцы. Зямлі не шмат, сям’я вялікая – перад самай рэвалюцыяй Майсей купіў яшчэ кавалак: скарыстацца ёй не паспеў, але гора яму тыя пару гектараў прынеслі нямала.
Калі пачалася калектывізацыя, Майсей быў не супраць уступіць у калгас. Але жонка нізавошта не хацела аддаваць сваю карову! Ды і ўсё астатняе, што нажывалі сваім горкім мазалём: свіней, курэй. А яшчэ ў іх была веялка для ачысткі збожжа – яна і стала галоўным аргументам: кулак! Яго саслалі. У Аксінні забралі не толькі карову, якую яна так шкадавала аддаваць у калгас, але і хату, і ўсё, што было. Дзяцей выгналі на вуліцу. У калгас не прымалі. Аднавяскоўцам дапамагаць сям’і кулака забаранялі. Ну хоць ты лажыся і памірай!
Аксіння з дзецьмі выкапалі зямлянку з малюсенькім акенцам. Старэйшыя дзеці хадзілі па людзях: каму агарод ускапаюць, каму хату пабеляць. Старэйшыя дочкі, Вольга і Сафея, прыгожа вышывалі – а ва Уласах у той часы кожная жанчына павінна была мець некалькі вышытых фартухоў, на будні дзень і на свята. Многія прасілі Маркоўскіх дзевак вышыць фартух, плацілі хто кавалкам хлеба, хто бульбай. А хто і нічога не даваў, яшчэ і іншым раілі: папрасіце Маркоўскіх дзевак, яны бясплатна зробяць!
Вольга з Сафеяй – дзве адзінокія бяздзетныя сястры, так і пражылі ўсё жыццё ўдваіх, дапамагаючы расціць пляменнікаў – да старасці помнілі, як нехта з аднавяскоўцаў дазволіў ім перакапаць поле і забраць сабе бульбу, што знойдуць на полі. А там столькі бульбы засталося – знарок пакінулі, каб дапамагчы беднай Аксінцы з дзецьмі. І таго блінца са скваркамі, што сунула цішком ёй за пазуху баба Харцінка, Вольга памятала да скону…
Хоць былі і іншыя ўспаміны. Дзесяцігадовую Олю паклікалі ў Масаны, у суседнюю вёску, дапамагчы капаць бульбу. А ў якасці разліку далі кашэль бульбы – добры пуд. Ісці дахаты трэба было кіламетраў пяць, калі не больш. І несла дзіця той кашэль, і за пачопку валакла па дарозе. Знемаглася, сплакалася, але прыцягнула дахаты…
А назаўтра, калі маці і старэйшыя дзеці пайшлі ў заробкі, а дома засталіся толькі малыя, нейкія людзі сталі ламіцца ў падпёртыя знутры дзверы. Дзеці загаласілі, адзін з няпрошаных гасцей, прыезджы, хацеў пайсці, а мясцовы актывіст ўшчаміўся ў зямлянку праз малюсенькае акенца і забраў усю бульбу, што прыцягнула напярэдадні Оля.
А потым ад Майсея прыйшло пісьмо, у якім ён прасіў прыслаць даведку, дзе былі б звесткі, якая ў яго сям’я, колькі было зямлі, хто яе апрацоўваў, ці карысталіся наёмная працай. Аксінка пайшла да старшыні сельсавета, але той сказаў, што такую даведку не дасць, бо падпісваў папярэднюю, па якой яе мужа саслалі. І даведку напісаў калгас, яшчэ і камсамольцы падпісаліся. Дзіва дзіўнае – Майсея адпусцілі! І нават выплацілі кампенсацыю – 5 тысяч рублёў. Хату ім, вядома ж, не аддалі, з яе зрабілі калгасную лазню, але былі яны працавітыя, паціху разжыліся.
І ўсё было б добра, калі б не вайна…
Яблыкі на падлозе
– Калі пачалася вайна, я жыла ў сям’і старэйшай сястры Просі (Ефрасінні. – Заўв. аўт.).
Бацькоў раскулачылі і саслалі, калі мне было гадоў тры-чатыры, дакладна не ведаю, бо метрыкі не захаваліся: ні дзень, ні нават год свайго нараджэння дакладна не ведала. Запісалі з 1929-га, хоць казалі, што на самой справе на год старэйшая. Мамы сваёй не памятаю, не ведаю нават, як яна выглядала. І картачкі ніводнай не захавалася. Памятаю толькі, калі бацькоў ссылалі, напяклі ім у дарогу смачных коржыкаў, і нешта мне далі, каб не плакала. Я сядзела, ела тыя коржыкі і думала: вось зараз даем і пабягу маму даганяць. Бацькі забралі з сабой толькі самага меншага сына, Івана, яму годзік споўніўся. А нас, чацвярых, па людзях разабралі, толькі два старэйшыя браты былі ўжо самастойныя. Я перш жыла ў бацькавай сястры. Калі малая была, то мяне родныя з хаты ў хату, як памыйнае кацяня, перакідвалі – каму патрэбен лішні рот? А як падрасла, то наадварот кожны хацеў узяць да сябе: работніца!
У Просі я жыла, бо ў яе тады дзіця малое было, Грышка, гадкі тры-чатыры. А сястра хварэла, ногі ў яе балелі. Мужа яе, Міхаля, на вайну забралі. Уся работа на мне, 14-гадовай.
Вайна пачалася неяк не страшна. Немцаў мы не бачылі. Некаторых мужчын на вайну забралі, актывісты ў лесе схаваліся – ну, быццам бы партызаны. А тады сталі казаць, што сяло могуць спаліць, бо з Каўпаком у Карпаты шмат мужчын з Уласоў пайшло. У каго дабро якое было, то ў зямлю закопвалі. А ў нас не было чаго хаваць, ды і не было каму.
У той дзень, 22 мая 1943 года, на веснавога Міколу, ранкам пачулася страляніна, сталі крычаць: «Немцы!» А то паліцаі былі – яны ішлі дзвюма шарэнгамі, ачаплялі вёску, з боку Украіны, з Машава. Людзі пабеглі праз той канец вёскі, што яшчэ быў не ачэплены, у лес. Мне Прося дала коржыкаў у прыпол, Грышку на рукі і загадала ўцякаць у лес. А сама пазней прыйшла, знайшла нас.
А многія не сталі ўцякаць. У той дзень жанчына ў вёсцы памерла. Дык падумалі: каля смерці не зачэпяць, і пайшлі ў хату, дзе нябожчыца ляжала. А хто хваліўся: у мяне радня ў паліцыі, выбавяць. Але ж нікога не пашкадавалі… Усіх сагналі ў школу. Загадалі выкапаць яму і расстралялі. 160 чалавек там ляжыць. Дзяцей, казалі, на штыкі падкідвалі – і ў яму. Поўную, пад самы верх залажылі. Пяском трохі прысыпалі – зямля варушылася, кроў праступала…
Потым сталі сяло паліць – я залезла на бярозу і глядзела, як хаты адна за другой загараюцца.
Але ўсё не спалілі, некалькі хат засталося. А назаўтра дождж пайшоў. Усе, хто хаваўся ў лесе, абмоклі, змерзлі, есці хочацца. Некаторыя рашыліся пайсці ў сяло, пабачыць, што там, узяць што, абагрэцца. Сабраліся ў крайняй ацалеўшай хаце, запалілі печ. І тут зноў паліцаі прыйшлі. Спалілі усіх у той хаце, шаснаццаць чалавек.
І так многа людзей пастралялі: каго ў двары, каго на ўзлеску – дзе каго ўбачылі.
Мы зладзілі нейкі курэнь, агеньчык з тоненькіх галінак расклалі, каб дыму не было, сядзелі, грэліся. Потым да нас прыбілася яшчэ адна маладзіца з нашых з малым дзіцём. Браціха яе прагнала са свайго кураня: маўляў, малы будзе плакаць, нас усіх паб’юць. Сталі мы жыць разам: Прося дзяцей глядзіць, а мы з Аленай бегаем, шукаем, дзе якіх харчоў знайсці – грыбоў, ягад. Аднойчы карову ўбачылі – узрадаваліся! Неяк мы яе прыманілі, прывялі да свайго кураня, падаілі, дзяцей накармілі. А потым яе забралі, нібыта гаспадар знайшоўся. Хоць, можа, то і не гаспадар быў, але што мы каму дакажам?
Да лістапада хаваліся ў лазе. На Міхайла нас вызвалілі.
Прыйшлі ў сяло, зіма настае – а дзе жыць, што есці? Выкапалі зямлянку вялікую, і там пасялілася некалькі сямей. Пасярэдзіне печ стаяла, а кругом палаці. Капалі мёрзлую бульбу і пяклі з яе бабонікі – такія смачныя здаваліся! Есці ўвесь час хацелася.
Я на тыф захварэла. Качалася, трызніла ў гарачцы. Здалося, што нехта прыйшоў у зямлянку і прынёс у прыполе чырванабокіх яблыкаў, а яны рассыпаліся. Злезла з пасцелі дадолу, поўзаю, шукаю, куды закаціліся... Нехта прынёс мне пяць яблыкаў – маленькіх, кіслых. Мо, яны мяне і ўратавалі? Выжыла ж…
Працяг будзе
















