Наведвальнікі скідзельскага сектара дзённага знаходжання інвалідаў ДУ «Гродзенскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» правялі імпрэзу, прысвечаную Году малой радзімы.
Мерапрыемства адбылося ў Скідзельскай бібліятэцы сямейнага чытання. Яго праграма была пабудавана так, што ніхто не застаўся без увагі. Вядучая вечарыны, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Святлана Сарокіна, нагадала пра тое, які таленавіты і кемлівы беларускі народ, прапанавала адгадаць шэраг загадак на роднай мове, завяршыць прыказкі і прымаўкі, правяла віктарыну «Ці ведаеш ты?» Прысутныя з задавальненнем паслухалі ўрывак з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» і аповеды пра жыццёвы шлях знакамітых скідзельчан Пятра Сеўрука і Міхася Васілька.
Было дадзена слова і сучасным скідзельскім творцам. Святлана Якаўлева і Зінаіда Сямашка прачыталі ўласныя вершы, Зоя Праўка расказала пра змест сваіх кніг прозы. Кожны жадаючы падзяліўся любімым вершам пра Скідзель, родны край, Беларусь. Не абышлося без спеваў пад акампанімент баяніста Паўла Панкратава. Асабліва дружна падхапілі ўдзельнікі знакамітую беларускую песню пра ручнікі, калекцыя якіх, дарэчы, была прадстаўлена ў бібліятэцы на выставе «Беларуская хатка».











