Вулічную мэблю жоўтага, фіялетавага, сіняга, чырвонага і чорнага колераў усталявалі на вуліцы Маставой дзякуючы кампаніі А1 і праекту «Веліч роднай мовы». Гама для кампазіцыі тлумачыцца сучасным іміджам рэгіёна – памежнага, актыўнага і жывога. Таксама яна адсылае да даследаванняў і рэканструкцый народных строяў Гродзеншчыны, зробленых славутым беларускім этнографам і мастацтвазнаўцам Міхасём Раманюком. Менавіта яго працы і канцэпцыя дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава, апісаная ім у кнізе «Колер Беларусі», натхнілі аўтара інсталяцый, вядомага беларускага скульптара Паўла Вайніцкага.
Як адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў, у хуткім часе побач з новым месцам адпачынку таксама плануецца стварыць сетку бясплатнага Wi-Fi.
Па задуме ініцыятара праекта «Веліч роднай мовы» Захара Дудзінскага, скульптуры будуць нагадваць беларусам пра гістарычныя і прыродныя асаблівасці, якія ёсць у кожным кутку краіны і звязваюць ўсіх нас, пра веліч і прыгажосць роднай мовы. Дарэчы, падобныя арт-аб’екты ўжо можна знайсці не толькі ў цэнтры горада над Нёманам, але і на вуліцы Кірава ў Гомелі, набярэжнай Францыска Скарыны ў Брэсце, Траецкай набярэжнай у Магілёве і перад мостам 1000-годдзя Віцебска. Яшчэ адзін з’явіцца ў сталіцы нашай краіны.
















