Язык у роце, як чорт у балоце, свой язык горшы за чужога суседа, языку дай волю – завядзе ў няволю. Чулі, напэўна, такія выразы, але мала задумваліся над іх сэнсам.

Адна мая знаёмая расказала пра змены ў яе жыцці пасля таго, як яна перайначыла свой штодзённы лексікон. Неяк пазнаёміўшыся з сур’ёзным інтэлігентным мужчынам, вельмі хацела выглядаць перад ім з самага лепшага боку. А для гэтага перастала выкарыстоўваць словы з негатыўнай афарбоўкай. Спачатку толькі ў прысу-тнасці яго, а пасля і заўсёды. Тое, што жанчына адзначыла, прымусіла задумацца. Яна перастала скардзіцца на хваробы, на беднасць, палепшыліся адносіны са сваякамі і калегамі на рабоце. Сама нават не чакала такога. Цяпер яна ўсіх запэўнівае: хочаце змяніць сваё жыццё – пачніце мяняць свае словы.

У мяне ўзнік вобраз: кіраванне аўтамабілем пасродкам руля нагадвае кіраванне жыццём пасродкам языка. Так як мы паварочваем руль і ад гэтага залежыць накірунак нашага маршруту, так і ад слоў залежыць ход нашага жыцця. Кіроўца аўтамабіля перад тым, як атрымаць права сесці за руль, павінен вывучыць правілы дарожнага руху. Інакш – аварыі на дарозе і нават смерць. А мы, кіроўцы свайго жыцця пасродкам языка, чамусьці не проста не задумваемся аб правільным ужыванні слоў, а часам не звяртаем увагу, што гаворым. Размаўляем неяк аўтаматычна – і ўсё тут.

Аказваецца, кожны з нас мае цалкам уні-кальны запас слоў, які з’яўляецца самым магутным інструментам самапраграміравання. Каб даказаць гэта, нямецкі псіхатэрапеўт Н. Пезешкіан правёў даследаванне на аснове часта ўжывальных слоў у лексіконе тысячы хворых людзей. Затым ён даказаў, што словы, якія праграмуюць цялесныя хваробы, ёсць у лексіконе абсалютна ўсіх людзей. Гэтыя словы ён назваў арганічнымі, бо яны энергетычна накіраваны на разбурэнне органаў цела. Вось некаторыя з іх: браць за горла, жылы павыцягваць, заганяць (забегацца) да смерці, заядаць сябе, з’ядаюць мяне, кроў піць, ламаць галаву, на шыі сядзець, перакрыць кісларод, рукі павыкручваць, сыты па горла, сядзець у пячонцы, ціснуць на мяне, як нажом па сэрцы і г.д. Дадзеныя словы, сцвярджае даследчык, даюць каманду нашаму арганізму, якую ён павінен выканаць. За кожным такім выразам ідзе энергія, якая разбурае цела. Наступнае даследаванне было накіравана на выяўленне таго, што з’яўляецца першасным: хвароба ці слова? Аказваецца, слова, і толькі з цягам часу развіваецца хвароба.

Навукоўца прыводзіць некаторыя захворванні, якія з’яўляюцца вынікам часта ўжывальных слоў. Захворванні пазваночніка – грузяць праблемы, несці свой крыж, нехта на шыі сядзіць, узваліць на сябе. Захворванні крыві – выціскаць усе сокі, кроў выпіць (п’е).

Захворванні сэрца – браць блізка да сэрца, сэрца разрываецца, цярпенне лопнула, як нажом па сэрцы. Захворванні страўніка – займацца самаедствам, кагосьці (штосьці) не пераносіць. Захворванні галавы – адсекчы галаву, галавой біцца аб сцену, ламаць галаву, рызыкаваць галавой. Захворванні вачэй – бачыць не хачу, вочы б мае не бачылі, свет не мілы, страшна глядзець. Захворванні нерваў – мяне калоціць (трасе), ненавіжу, прыводзіць у шаленства. Рак – сам сабе не належу, усё надакучыла (абрыдла).
Урачы-псіхатэрапеўты, якія практыкуюць метады Н.Пезешкіана па знішчэнні арганічных слоў, усё больш і больш пераконваюцца, што ад бацькоў да дзяцей перадаюцца не біялагічныя праграмы захворванняў (як прынята лічыць), а лексіка (слоўнікавы запас), якая гэтыя захворванні праграмуе ад пакалення да пакалення. Карэкцыя лексічнага запасу – выключэнне з актыўнага маўлення слоў-разбуральнікаў – прыводзіць да таго, што “спадчынныя” хваробы бясследна знікаюць.
Яшчэ адна група слоў, якую адзначае Н. Пезешкіан – гэта словы-кайданы. Яны ў прамым сэнсе адлюстроўваюць тое, што адбываецца з чалавекам – ён быццам бы ў кайданах. Гэтыя словы валодаюць энергіяй бяздзейнаці, стаяння на месцы. Вось некаторыя з іх: у мяне не атрымаецца, я не магу (змагу), мне гэта не пад сілу, гэта не для мяне, не магу абяцаць, гэта звыш маіх магчымасцей, не можа быць, нічога сабе, не магу сабе такое дазволіць. Ужыванне дадзеных слоў, піша вучоны, выклікае абмежаванасць у свабодзе, у праве атрымліваць ад жыцця ўсё толькі самае лепшае. А гэта безумоўнае права кожнага чалавека. Калі мы думаем і гаворым, што ў мяне не атрымаецца ці я не змагу, тым самым мы праяўляем высакамернасць і аддзяляем сябе ад таго, хто нас стварыў – піша вучоны-псіхатэрапеўт.

Я думаю, за гэтымі словамі на самай справе хаваецца нежаданне выконваць сваю ўнікальную жыццёвую місію. Дарэчы, дадзеныя словы пазбаўляюць нас энергіі развівацца, пазнаваць новае, змяняцца ў лепшы бок, быць прадуктыўнымі, дасягаць мэты. І каб не рабіць гэтага, мы пачынаем шукаць сэнс жыцця ў знешніх рэчах, тым самым падманваем сябе і губляем час.

– Нашы словы – гэта праяўленне нашых думак, – сцвярджае Ганна Віткоўская, псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насель-ніцтва Ленінскага раёна г. Гродна. – Пазітыўнае мысленне дае магчымасць не толькі развітацца з хваробамі і няшчасцямі, але і папярэдзіць іх. Нават у адмоўных абставінах паспрабуйце ўбачыць станоўчы бок.

Кожны чалавек, які сур’ёзна ставіцца да сябе, павінен практыкаваць пазітыўнае мысленне і тады ён убачыць, як змяняюцца яго словы, а ў выніку і жыццё.