Сёння ў нашай краіне адзначаецца XXX Дзень беларускага пісьменства. Кнігі айчынных аўтараў для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй, роднай мовай і культурай, параілі ў інфармацыйна-бібліятэчным аддзеле Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра.
Галоўны бібліятэкар па апрацоўцы літаратуры і арганізацыі каталогаў Вольга Гулеўская звяртае ўвагу аматараў гісторыі, геаграфіі і мастацтва на багата ілюстраванае навукова-папулярнае выданне з дапоўненнай рэальнасцю «Беларускія жанчыны, якія апярэдзілі час». У сваіх нарысах Дзмітрый Кашавар распавядае пра трох выбітных беларускіх жанчын. Саламея Русецкая – першая ў Беларусі жанчына-лекар, асветніца і вандроўніца. Францішка Уршуля Радзівіл не толькі заснавала і ўзначаліла Нясвіжскі прыгонны тэатр, але і сама пісала п’есы і ставіла спектаклі. А рэвалюцыянерка Эмілія Плятэр кіравала атрадам паўстанцаў у 24 гады!
Гонар і сімвал Гродна – польская пісьменніца беларускага паходжання, ураджэнка Мількаўшчыны Эліза Ажэшка. Аўтар 50 тамоў мастацкай прозы, яна двойчы намінавалася на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры і ўвайшла ў сусветную гісторыю як змагарка за справядлівасць і заступніца адрынутых. Даведацца больш аб Элізе Ажэшке, біяграфія якой нагадвае сапраўдны прыгодніцкі раман, прапануе аднайменная кніга Ірыны Масляніцынай і Мікалая Багадзяжа.
Жыццялюбам з дзіцячымі вачыма называлі пры жыцці класіка беларускай дзіцячай літаратуры Івана Муравейку. Кніга «Чалавек усміхаецца» – падборка яго вершаў, казак, загадак і аповед пра чалавека-легенду, які здабываў Перамогу ў Вялікую Айчынную вайну, дайшоў да Берліна і напісаў на Рэйхстагу: «Іван з Беларусі».
«Пясняр Палесся» – гэта своеасаблівы літаратурны партрэт Івана Мележа. Вобраз Мастака і Чалавека, які стварыў хроніку жыцця беларускага народа ў пераломныя 30-я гады XX стагоддзя, паўстае праз успаміны блізкіх і родных, пісьменнікаў і журналістаў, артыкулы і эсэ крытыкаў і літаратуразнаўцаў.
Пад адной вокладкай выдання «Беларускі фальклор» сабраны легенды, паданні, казкі, прыказкі і прымаўкі, якія запісалі вядомыя вучоныя-фалькларысты, этнографы, мовазнаўцы і літаратары на тэрыторыі Беларусі ў ХІХ-ХХ стст. Лепшыя з іх можна таксама паслухаць: у выданні змешчаны спасылкі ў выглядзе QR-кодаў на аўдыязапісы фальклорных твораў.
Хлопчыкам і дзяўчынкам будзе карыснай маленькая азбука беларускай міфалогіі «З легендаў і казак...» ад Віктара Кажуры. Займальныя вершы пазнаёмяць з міфалагічнымі ўяўленнямі нашых продкаў і рознымі надзвычайнымі істотамі. Сярод іх язычніцкія божаствы Вялес, Ярыла, Лада, Пярун, Сварог, Стрыбог, Жыцень, Ляля, а таксама персанажы славянскіх чарадзейных казак – Лесавік, палявік Хатнік, Цмок, Вадзянік.
Да сюжэтаў беларускай міфалогіі, матывы і вобразы беларускай народнай песні часта звяртаўся Максім Багдановіч. Аб тым, што фальклор займаў вялікае месца ў яго творчасці, яскрава сведчыць зборнік вершаў «Зачарованае царства».
Кніга Алены Васілевіч «Расці, Ганька» прасякнута святлом, цяплом і дабрынёй. Чытачы сустрэнуцца з дзяўчынкай з маленькай беларускай вёсачкі першай паловы XX ст. Шмат бедаў і выпрабаванняў выпала на долю Ганькі, але яна пераадолела ўсё і пры гэтым не страціла веру ў людзей. Аповесць «Расці, Ганька» і апавяданні «Калінавая рукавічка», «Геша», «Мая гаспадарка», «Сябры» адкрыюць таямніцы свету, навучаць шанаваць прыроду і ўсё жывое, не забываць пра лепшыя чалавечыя каштоўнасці нават у няпростых абставінах.
Спорту і жаданню перамог, каманднаму духу і радасці сяброўства прысвечаны зборнік паэта Уладзіміра Мазго «Хутка стану чэмпіёнам». Дзятве спадабаюцца забаўляльныя вершы, у якіх рэальнае пераплятаецца з камічна-фантастычным, арыгінальныя скорагаворкі і каламбуры.
Дэтэктыў Мікалая Чаргінца «За секунду да выстралу» – працяг рамана «Вам – заданне» пра нялёгкія будні супрацоўнікаў міліцыі, ваеннаслужачых і звычайных жыхароў Беларусі ў пасляваенныя гады. Яны разам адстойвалі незалежнасць, гонар і годнасць Радзімы, памятаюць пра сваё агульнае мінулае і адзіныя ў сваім жаданні жыць у міры і згодзе. Некаторыя былыя воіны Савецкай Арміі і партызаны гераічна гінуць у барацьбе з ворагамі народа – бандамі, якія рабавалі і забівалі людзей. У сваім творы аўтар паказвае сумленнасць, самааданасць герояў, іх мужнасць і непрымірымасць да парушальнікаў закону.
«Як кapy з дpэвaм, як птyшкy з кpылaмi, як paкy з pэчышчaм, як тpaвy з зямлёю... Taк i кoжнaгa з нac нeльгa paзлyчыць з Рaдзiмaю, з poднaй зямлiцaю. Яe нeльгa aдaбpaць y нac i пpыcвoiць нeйкaмy чyжынцy – янa зaўcёды aдpынe тaгo, xтo нe пaлюбiць яe тaк, як любiм яe мы caмi»... Гэтымі радкамі з эсэ Янкі Сіпакова «Зялёны лісток на планеце Зямля» пачынаецца зборнік паэзіі, прозы і публіцыстыкі «Адзін народ, адзіная Радзіма». Любоў да краіны выказана і ў наступных творах пісьменнікаў і паэтаў розных пакаленняў, якія адлюстравалі розныя старонкі айчыннай гісторыі і сённяшні дзень Беларусі.